Лідар гурту „Adarvirog“: Зусім іншы гук, крыху іншая музыка, настрой і словы
Гурт “Adarvirog” прэзентаваў новы альбом “Чорнае Сонца”. Акрамя кампазіцый на беларускай мове, у рэліз уключаная і песня на ўкраінскай. Пра іншыя адметнасці пласцінкі – удзельнік калектыву “Adarvirog” Леанід:
— Гэты рэліз адметны тым, што гэта скончаны кавалак працы, што спачатку мы рабілі, потым ужо я сам, пяць гадоў, укладаючы ў гэта шмат вольнага часу, шмат нерваў, і галоўнае, шмат словаў, што я вельмі хацеў сказаць як аўтар тэкстаў. Гэта якасна новы крок у тым, што я раблю. Зусім іншы гук, крыху іншая музыка, настрой і словы.
РР: А якім наагул ты запомніў свае першыя крокі ў музыцы?
— Папраўдзе, гэта была музычная школа. Там вучаць джазавым эцюдам, класіка. Але гэта мне досыць хутка надакучыла. Вучыўся на бубнах пэўны час, нешта нават умеў. Але калі я ўпершыню пачуў трэш-мэтал, я зразумеў, што вось яна музыка. Гэта мае гучаць жорстка, брудна, цяжка. Вядома, пра нейкі аркестр мовы ўжо не ішло, таму я адтуль скіс як мага хутчэй. А потым пачалася больш-менш сучасная мая тэма недзе клас 9-10: тады панаваў поп-панк, я неяк патыкаўся, паспрабаваў гэта граць, але і гэта вельмі хутка абрыдла. Таму поп-панк у маім светапоглядзе выглядаў незразумела, непрыемна, нецікава. Хаця некалькі такіх гуртоў я дагэтуль слухаю. Потым я падыйшоў да свайго сябра і сказаў, гайда ствараць „панк“. А ён такі: „дык я ж ні халеры не ўмею“. Ну дык ты гітару, а там, што галоўнае, морду злую зрабі, грай як мага гучней — і нармалёва будзе. Цямна, як у нас гэта было адразу — поўны гамон, але ж з часам і я чамусьці навучыўся, і ён навучыўся, і гурт праіснаваў гады 4-5, нават было некалькі канцэртаў. Калі я не памыляюся, большая частка ўдзельнікаў таксама звязаная з музыкаю. І гэта, папраўдзе, досыць файна.
Пра сваё цяперашняе жыццё ў Грузіі, працу пірсінг-майстра і адметныя музычныя замалёўкі Леанід распавядзе ў аўтарскім праекце Марыны Савіцкай “Маніфест”.
Праграма выйдзе ў суботу, 19-га жніўня, у 16:06 па польскім часе (альбо 17:06 па беларускім).
Беларускае Радыё Рацыя