Лідар System of a Down: Негвалтоўны пратэст працуе, магчымыя змены



Лідар гурта System of a Down і палітычны актывіст Серж Танкян пракаментаваў сваё стаўленне да палітычнага крызісу ў Беларусі. Гэтую тэму сярод іншых ён закрануў, адказваючы на пытанні гледачоў у прамым эфіры ў Instagram.

На пытанне падпісчыка аб тым, што Серж думае аб мірных пратэстах у Беларусі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, артыст выказаўся так:

— Пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо некаторы час, і Лукашэнка жорстка душыць іх. На жаль, Расея, то ёсць Пуцін прыняў яго бок. І гэта сапраўды сумна. Чаму мяне навучыла «аксамітная рэвалюцыя» у Арменіі у 2018 годзе, так гэта таго, што негвалтоўны пратэст працуе, змены магчымыя. Я хачу, каб людзі паглядзелі фільм I’m Not Alone («Я не самотны») аб армянскай рэвалюцыі. У ім ёсць падказка, як працуе так званае дэцэнтралізаванае грамадзянскае непадпарадкаванне, — цытуе спевака TUT.BY.

Да таго ж Танкян пералічыў тактыкі негвалтоўнай барацьбы па ўзоры нядаўніх пратэстаў у Арменіі. Ён дадаў, што яму сумна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, у М’янме і ў многіх іншых месцах у свеце, дзе ўспыхнулі пратэсты. Ён лічыць, што людзі не проста так выйшлі на вуліцы — яны больш не могуць прымаць сістэму, якая не змянялася гадамі, і цяпер змагаюцца за змены, каб іх дзеці маглі жыць у лепшай краіне і ім не прыйшлося эміграваць.

— У мяне такое пачуццё, што ў бліжэйшыя тры-пяць гадоў гэты свет кардынальна зменіцца, таму што маладое пакаленне, хутчэй за ўсё, усе вы, якія пішуць мне, не зможа больш вытрымліваць як магчымае экалагічнае выміранне, так і барацьбу з аўтакратамі адначасова. Яны [аўтакраты] павінны сысці.

Нагадаем, што 19 сакавіка Серж Танкян выпусціў кліп Electric Yerevan, прысвечаны пратэстам у Арменіі. У роліку заўважылі кадры і з беларускіх пратэстаў. А ў пачатку лютага ля фронтмэна System of a Down выйшаў кліп Elasticity, у якім знялася акцёрка родам з Беларусі Саша Борціч.