Лідар „Троіцы” напісаў кнігу ў жанры фолк-фэнтэзі



Вядомы беларускі этнограф, фалькларыст і музыкант Іван Кірчук збірае грошы на выданне сваёй новай кнігі „Гарады ўзыходжанняў”. Гэтым разам не дзённікі пра падарожжы гурта „Троіца”, а фолк-фэнтэзі пра магію, рытуалы і блуканні Душы.

„У 2013 годзе я напісаў апавяданне і паказаў яго жонцы Кацярыне. Яна пачытала і прапанавала мне працягнуць пісаць далей і паспрабаваць сябе ў якасці літаратара, — распавядае пра ідэю кнігі Іван Кірчук. — Я пачаў выдумляць рытуалы і абрады, пісаць да іх тэксты. Мяне гэта захапіла і трымала цэлыя тры гады”.

Шасцісотстаронкавая кніга складаецца з 12 раздзелаў — 12 гарадоў. Сваіх персанажаў: цароў, іх дзяцей і світы, варажбітоў і іх гісторыі — Кірчук выдумляў у дарозе, падчас шматлікіх гастроляў „Троіцы”. Плануецца, што яна будзе выдадзеная на рускай мове ў аздабленні рытуальнымі малюнкамі і графікай ад мастака Міраўлада Палачыча.

„Кніга пачынаецца тым, што менавіта я прыязджаю ў адну з экспедыцый у Сібір (я служыў у войску ў Хабараўскім краі). Там знаходжу дзеда Глазара, які валодае нейкай інфармацыяй, але трымае яе ў сакрэце. Раніцай я выходжу на падворак і бачу горад, які вісіць у небе. Гэта першы горад, у які я ўваходжу”, — інтрыгуе Кірчук.

Этнограф падкрэслівае, што ў сваім фэнтэзі наўмысна не звяртаўся да беларускай міфалогіі, „бо туды ўжо няма чаго дадаць — усё сказана”. Гэта дало магчымасць пісьменніку адшукаць сваіх персанажаў і свае прасторы.

Для выдання кнігі Іван Кірчук запусціў краўдфандынгавую кампанію. Падтрымаць аўтара можна на суму ад 3 рублёў і больш. Сярод лотаў сама кніга (18 рублёў), персанальная экскурсія ад Івана Кірчука з падарункамі (50 рублёў), выяздны міні-канцэрт музыканта з падарункамі (300 рублёў), гадзінная этна-вечарына з маскамі і ўнікальнымі кукламі (500 рублёў) ды інш. Збор грошай працягнецца роўна 40 дзён на сайце www.talaka.org/kirchuk

Беларускае Радыё Рацыя