Лілея Плыгаўка распавяла як была заснаваная беларуская школа ў Вільні



Пашырэнню і вывучэнню беларускай мовы ў Літве вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў спрыяе доктар філалагічных навук, коўч, выкладчык і даследчык беларускай мовы Лілея Плыгаўка.

Лілея Плыгаўка. Фота: „Радыё Свабода”

Але дзе зараз можна вучыць беларускую мову ў краіне-суседцы, наколькі шмат ахвотных стаць бліжэй да роднага слова, ды агулам як развівалася беларуская сістэма адукацыі ў Літве распавяла падрабязней нашая сённяшняя Госця Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль:

РР: Ці маглі бы Вы распавесці кароткую прадгісторыю як беларускамоўная адукацыя стала справай усяго вашага жыцця?

– Калі я прыехала ў Літву, то ўзначаліла новую кафедру. І дзесьці праз год працы гэтай кафедры ў міністэрстве падчас паседжання мне задалі пытанне: а дзе будуць працаваць Вашыя выпускнікі? Я адказала – створым школу. І ў верасні 1992 года быў створаны аргкамітэт па аднаўленні гімназіі. Да гэта часу ў нас хіба ўжо працаваў першы беларускі клас у рускай школе. Там настаўніцай была Галіна Сівалава, якая потым узначаліла ўжо асобную юрыдычную адзінку – беларускую школу. І вось, такім чынам пачалася праца па аднаўленні Віленскай беларускай гімназіі.

Мы якраз планавалі аднавіць гімназію. Год мы займаліся распрацоўкай планаў, праграм. Стварылі Таварыства Беларускай Школы для таго, каб аб’яднасць настаўнікаў-прадметнікаў. Было вельмі шмат бацькоўскіх сходаў. Гэта ўсё праходзіла ў нашым Педагагічным Універсітэце. Але паколькі за год не было вырашана пытанне памяшкання, то нам прапанавалі стаць беларускамоўнай паралеллю ў школе з рускай мовай навучання. 1993-1994 гады мы былі як такія паралелі ў гэтых школах, таму што мы набіралі дзяцей з першага па адзінаццаты класы. І праз гэты час якраз Таварыства Беларускай Культуры змагло вырашыць пытанне памяшкання.

Калі было выдзеленае асобнае памяшканне, тады і была юрыдычна створаная беларуская школа нумар 68. І сёння беларуская гімназія знаходзіцца ў тым самым памяшканні. Праз пэўны час школа змагла акрэдытавацца на гімназію, вось такая кароценькая гісторыя.

Але калі я толькі пачала працаваць, то, канешне, я пачала ўсведамляць, рыхтаваць толькі беларускіх настаўнікаў мовы і літаратуры недастаткова. Насамрэч, дзе яны будуць працаваць? Таму мною была створана канцэпцыя беларускай адукацыі, яна была неафіцыйна падтрымана. І стварэнне беларускай школы было адзіным крокам з гэтай канцэпцыі.

Некалькі гадоў у дзіцячым садку працавала і група на беларускай мове. Былі і некалькі нядзельных школаў па Літве. Вось такім чынам кафедра выступала як метадычны цэнтр па забеспячэнні гэтых усіх адукацыйных структур.

Лілея Плыгаўка прысвяціла 20 гадоў свайго жыцця кафедры беларускай філалогіі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта. Увесь гэты час яна працавала на будучыню Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя