„Лімарыус” збірае грошы на двухтомнік твораў Уладзіміра Дубоўкі
Прыватнае выдавецтва „Лімарыус” 17 студзеня распачало кампанію па прыцягненні сродкаў на выпуск у двух тамах амаль што поўнага збору твораў беларускага паэта, пісьменніка, крытыка і мовазнаўцы Уладзіміра Дубоўкі.
Збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе Talaka.by распачала дырэктар выдавецтва Марына Шыбко. У апісанні да праекта яна адзначыла, што дагэтуль не выдадзена ўсіх твораў Дубоўкі. Так сталася ў тым ліку з-за таго, што ў 1930—1957 гадах яго па палітычных матывах чатыры разы судзілі, высылалі і пазбаўлялі волі, а творчасць паэта была пад забаронай.
Дубоўка вярнуўся ў літаратуру пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе. Паводле слоў Шыбко, акрамя яго „няма ніводнага паэта ў свеце, які праз трыццаць год вымушанага маўчання вяртаўся б у літаратуру — не помнікам, не ценем, не прывідам, а актыўным удзельнікам літаратурнага працэсу”.
„Яго друкавалі з цяжкасцямі і агаворкамі, — адзначыла дырэктар выдавецтва. — Так, яго вымушалі рэдагаваць і перапісваць старыя вершы на новы лад. Але ён вяртаўся тады, і працягвае вяртацца па сёння. Тыя вершы, якія не маглі пабачыць друку сорак год таму, нарэшце стала можна апрылюдніваць. І тыя — не цалкам. Да сёння найбольш моцныя вершы паэта друкуюцца з купюрамі, бо і зараз іх немагчыма даць такімі, як яны напісаныя. Праз сорак год пасля смерці аўтара”.
Макет двухтомнага збору твораў Дубоўкі, які налічвае амаль 900 старонак, быў звярстаны ў „Лімарыусе” тры гады таму, але выдавецтва дагэтуль не здолела знайсці грошай на друк.
Апроч вершаў і перакладаў, у Зборы Твораў друкуюцца філалагічныя працы Дубоўкі і ягоныя лісты. З’явяцца там і архіўныя тэксты.
Над выданнем працавала вялікая каманда. Апроч Дзмітрыя Давідоўскага, гэта рэдактары томаў Міхась Скобла і Віктар Жыбуль, аўтар прадмовы Ірына Багдановіч. Вокладкі рабіў Генадзь Мацур.
Каб праект на Talaka.by скончыўся паспяхова, „Лімарыусу” неабходна прыцягнуць 18,6 тыс. рублёў (каля 9,5 тыс. долараў) за 60 дзён. Аднак Шыбко падкрэсліла, што выданне дакладна пойдзе ў друк, калі атрымаецца сабраць хаця б 13 тыс. рублёў (каля 6,7 тыс. долараў).