Літаратары галасуюць за „Кнігу году 2017”
Распачалося галасаванне за “Кнігу году” — прэмію, якую ўручаюць самі пісьменнікі за найлепшую кнігу, напісаную беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.
Прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2017 годзе. На выбар кнігі-пераможцы можа паўплываць кожны сябар журы, а па сутнасці – любы беларускі літаратар.
Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў рублёвым эквіваленце па курсе Нацбанка.
У журы прэміі “Кніга году” можа ўвайсці любы пісьменнік альбо перакладчык, які цягам апошніх сямі гадоў выдаў хаця б адну мастацкую або нон-фікшн кнігу. Для таго каб прагаласаваць, трэба да 5 траўня запоўніць форму на сайце прэміі.
Уручэнне прэміі адбудзецца ў другой палове траўня.
Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”), Андрэй Хадановіч з кнігай “Нататкі таткі”, летась — Наста Кудасава з кнігай „Маё невымаўля”.