Літаратуразнаўцу Уладзіміру Казберуку – 100 гадоў
29 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага крытыка, даследчыка роднай літаратуры і перакладчыка Уладзіміра Казберука (1923-2016), які быў родам з вёскі Бандары што на Беласточчыне.
У беларускай літаратуры Уладзімір Казбярук з’яўляўся адным з грунтоўных даследчыкаў праблем беларускага рамантызму. Варта толькі прыгадаць па гэтай тэме кнігі аўтара: „Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя” (Мінск, 1972), „Рамантычны пошук: назіранні над беларускім рамантызмам пачатку XX стагоддзя” (Мінск, 1983). Па кнігах Уладзіміра Казберука да сённяшніх дзён настаўнікі-філолагі ў Беларусі вывучаюць творчасць Якуба Коласа. Гэта кнігі „Якуб Колас у школе” (Мінск, 1967, 1975), „Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (Мінск, 1979), „Якуб Колас (жыццё і творчасць)” (Мінск, 1962) і іншыя. Па творчасці Якуба Коласа дакастрычніцкага перыяду Уладзімір Казбярук абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Даследчык шмат пісаў пра польска-беларускія ўзаемаадносіны. Вынікам гэтага сталі яго працы „Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя” (Мінск, 1972), „Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства” (Мінск, 1982).
Вельмі цікавыя і да сённяшніх дзён не згубілі сваёй актуальнасці яго даследчыя артыкулы пра Янку Купалу, Алеся Гаруна, Францішка Багушэвіча, пра Янку Купалу і Марыю Канапніцкую, пра беларускія вершы Адама Міцкевіча, пра невядомыя вершы Зофіі Тшашчкоўскай і г.д. Ніколі не абмінаў Уладзімір Казбярук творчасць беластоцкіх літаратараў, шмат напісана ім было пра Алеся Барскага, Віктара Шведа і, наогул, пра беларускую літаратурную Беласточчыну.
У 2003 годзе выйшла з друку кніга Уладзіміра Казберука “Францішак Скарына”. Кнігу склаў навукова-папулярны нарыс пра асобу Францішака Скарыну ў культурна-гістарычным кантэксце. Аўтар цікава распавёў пра найбольш важныя і загадкавыя факты з жыцця першадрукара, асвяціў некаторыя спрэчныя пытанні, якія да сённяшніх дзён хвалююць даследчыкаў.
Займаючыся літаратуразнаўствам, Уладзімір Казбярук знаходзіў час і для ўкладання кніг літаратурных твораў. Дзякуючы яму, дзе ён быў укладальнікам, свет пабачылі кнігі Якуба Коласа “На прасторах жыцця” (1986), “Голас зямлі” (1988), Янкі Купалы “Спадчына” (1988), Алеся Гаруна “Сэрцам зачуты звон” (1991), кнігу твораў беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя “На ўсходзе сонца” (1989), кнігу твораў беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя “Вытокі” і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя