Літаратурная Слонімшчына – у адной кнізе “Паланэз”



Дзякуючы ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ў гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” свет пабачыў першы нумар слонімскага літаратурнага альманаха “Паланэз”. Прыгожае афармленне альманаха каляровымі рэпрадукцыямі карцін слонімскага мастака Міколы Бушчыка, цудоўныя творы слонімскіх літаратараў, пачынаючы ад Кандрата Лейкі і да сённяшняй вясковай школьніцы-паэткі Дар’і Раманавай, зацікавяць чытачоў, як афармленнем, так і зместам.

Рэдактарам выдання, складальнікам (разам са Святланай Адамовіч) і аўтарам прадмовы з’яўляецца пісьменнік Сяргей Чыгрын, які ў прадмове да “Паланэза” адзначыў, што альманах не вычэрпвае ўсе літаратурныя набыткі Слонімшчыны. І здаецца, што іх вычарпаць немагчыма. Гэта датычыць і мінулых стагоддзяў, і ХХI стагоддзя, бо Слонімшчына – адзін з найбагацейшых раёнаў Беларусі на літаратурныя таленты.

Сапраўды, каб шырока пазнаёміць чытачоў з усёй літаратурнай Слонімшчынай, магчыма, хапіла б толькі штомесячнага часопіса “Паланэз”. “Але слонімцы задаволены і тым, што, дзякуючы ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, сёння з’явілася такая мажлівасць распачаць наш шчодры творчы пасеў – выданне альманаха “Паланэз” і вынесці яго на суд чытачоў”, — адзначыў у прадмове Сяргей Чыгрын.

Слонімшчына з’яўляецца радзімай беларускага паэта, празаіка, драматурга пачатку ХХ стагоддзя Кандрата Лейкі. У вёсцы Рудаўка прайшлі дзіцячыя гады Валянціна Таўлая. На вялікі жаль даўно пакінулі гэты свет слонімскія літаратары Алесь Сучок, Валянціна Ададурава, Янкі Карповіча, Іван Сяргейчык, Рудольф Пастухоў, Мікола Арочка, Алег Лойка, Уладзімір Сакалоўскі, Янка Саламевіч. Няма ў жывых вязьняў сталінскіх лагераў — паэтаў Сяргея Дарожнага і Васіля Супруна, а таксама яўрэйскага паэта Хацкеля Дунца. У Слоніме некалі жыў добры паэт, калекцыянер, мастак, музыкант, сябар Янкі Купалы Гальяш Леўчык. Калі вам не надакучыў спіс літаратараў Слонімшчыны, дык нагадаем яшчэ, што слонімская зямля з’яўляецца радзімай Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзіміра Цвяткова, Надзеі Дземідовіч, Ганны Шарамецьевай, Святланы Варонік, Сяргея Ярша, Васіля Герасімчыка, Міколы Канановіча, Святланы Адамовіч і іншых вядомых літаратараў і даследчыкаў нашай творчай спадчыны.

Сёння ў Слоніме і раёне жывуць тры сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў —Зьніч, Мікола Канановіч і Сяргей Чыгрын, а таксама два сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі – Ірына Войтка і Аляксей Якімовіч. Яны шмат пішуць, друкуюцца ў розных літаратурных выданнях.

Слонімскі літаратурны альманах “Паланэз” з’явіўся напярэдадні Дня беларускага пісьменства і друку, які адбудзецца сёлета 1 верасня ў Слоніме. Выданне ўжо паступіла ў кніжныя крамы Слоніма.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя