Вечарына духоўнай паэзіі ў Гародні



6-га лютага ў Гародні, у актавай зале Свята-Пакроўскага сабору пройдзе літаратурная вечарына духоўнай паэзіі і аўтарскай песні.

Гарадзенцы і госці фэсту „Каложскі дабравест” змогуць наведаць гэтае мерапрыемства а 18-й гадзіне. Чым з’яўляецца духоўная паэзія і якое месца займае яна ў сённяшняй літаратуры кажа айцец Павал Касьпяровіч, адзін з арганізатараў вечарыны:

– Мяне заўсёды непакоіла, што на старонках царкоўнай прэсы друкуецца тое, што быццам бы лічыцца духоўнай паэзіяй, але ёй не з’яўляецца. Думаю, што духоўная паэзія – гэта паэзія, прасякнутая духоўнасцю і паэзія таленавітая. Дык вось, таленавітай паэзіі ў Беларусі многа, а вось прасякнутай духоўнасцю, не так шмат. І яна не заўсёды вядомая. І цяжка сказаць, якяі аўтары з’яўляюцца адметнымі прадстаўнікамі духоўнай паэзіі. Ну, адразу мы згадваем манаха  Іаана Бембеля.

На вечарыну запрошаныя гарадзенскія паэты Данута Бічэль, Юрка Голуб, Анатоль Брусевіч. Сваю творчасць будуць прэзентаваць  менскія паэты Алесь Разанаў, Алесь Камоцкі ды іншыя. Кажа айцец Павал Касьпяровіч:

– Да нас прыязджае Алесь Разанаў. У яго выйшлі новыя кнігі летась. Яны прасякнутыя духоўнасцю. Ён пераклаў малітоўнік Кірылы Тураўскага на верша сказальны манер. Дзе ён звяртаецца да прадмоў Францыска Скарыны. Гэта проста цудоўныя вершы. І гэта будзе прадстаўлена на нашай імпрэзе.

Імпрэза пройдзе ў межах 17-га міжнароднага фэсту праваслаўных спеваў „Каложскі дабравест” па адрасе вуліца Акадэмічная, 2.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня