Літаратурная вечарына ў галерэі “Ў”
Саюз беларускіх пісьменнікаў і тыднёвік “Новы час” адзначаюць соты нумар „Літаратурнай Беларусі” – дадатка да гэтага перыёдыка. З гэтай нагоды ў сталічнай галерэі “Ў” адбудзецца адмысловая вечарына.
Кажа кіраўнік праекта “Літаратурная Беларусь” Алесь Пашкевіч:
– Нам падалося, што гэта добрая нагода пачаць новы год з гэтай вечарыны-прэзентацыі сотага нумара “Літаратурнай Беларусі”. Адмыслова дзеля гэтай вечарыны народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч напісаў верш “Літаратурная Беларусь”, які ў аўдыёзвароце будзе агучаны перад гасцямі, сябрамі, удзельнікамі вечарыны.
У вечарыне возьмуць удзел кіраўнікі творчых саюзаў, галоўны рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Анатоль Вярцінскі і іншыя. Пачатак імпрэзы а 18-й гадзіне.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
