Літаратурную прэмію „Гліняны Вялес” у Варшаве ўручылі Насце Кудасавай
Чарговае ўручэнне літаратурнай прэміі Таварыства вольніх літаратараў „Гліняны Вялес” адбылося ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі „Прадмова”. Гэта ўжо трэцяе такое ўганараванне – на „Прадмове” свае ўзнагароды раней атрымлівалі Ганна Севярынец і Ілля Сін.
На гэты раз „Вялеса” ўрачыста прымала паэтка Наста Кудасава за кнігу вершаў „Побач”. Кнігу выдаў у Польшчы беларускі імпрынт Skarynyčy. Ілюстрацыі да яе зрабіла мастачка Святлана Дземідовіч.

Прэмію ўручыў старшыня арганізацыйнага камітэту прэміі Алесь Аркуш.
Падчас уганаравання лаўрэатка традыцыйна выступіла з прамовай. Наста Кудасава казала пра апошнія беларускія падзеі і іх адлюстраванне ў сваіх вершах. А таксама прачытала вершы са сваіх новых кніг – „Побач” і „Я працягваю”.
Літаратурная прэмія „Гліняны Вялес” была заснавана ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Сярод яе лаўрэатаў такія вядомыя творцы – як Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец, Віктар Сазонаў і іншыя. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.




Беларускае Радыё Рацыя
