Літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса атрымаў Рычард Бялячыц



Сёлетняя штогадовая літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса  прысуджана паэту са Шчучына, Рычарду Бялячыцу.

Гэта рэгіянальная гарадзенская адзнака Саюза беларускіх пісьменнікаў. Летась гэтую ўзнагароду атрымала Антаніна Хатэнка, якая паходзіць з Зэльвы.

Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня гарадзенскай абласной суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

– Я вельмі рады абвясціць, што лаўрэатам прэміі стаў знакаміты  наш гарадзенскі паэт  Рычард  Бялячыц, які працуе ў  палацы Друцкіх-Любецкіх. І вось я, маючы нагоду, хачу яго павіншаваць з гэтай прэміяй.  У Рычарда Бялячыца амаль  штогод выходзіць новая  кніга,  ён  зараз вельмі  плённа працуе. Тым  больш, што  ён у нас такі невыпраўны рамантык,  уся яго  творчасць светлая, пра  людзей, пра мясцовасць.

Прэмія вызнае значны ўклад Рычарда Бялячыца ў развіццё беларускай паэзіі.  Валянцін Дубатоўка, як кіраўнік абласной суполкі з вялікім абурэнем глядзіць на тое, што  некаторыя сябры творчай  арганізацыі,  пісьменьнікі-беларусы, забываюцца на сваю місію, быць з народам у цяжкі час і пісаць для яго, і з’язджаюць з Беларусі.

Якуб Сушынскі,  Беларускае Радыё  Рацыя