Літаратурны клуб “БД. Андэрграўнд” яднае творчую моладзь
Эмігранты Варшавы сустрэліся на літаратурнай вечарыне. Маладыя паэты з поставецкай прасторы дэкламавалі свае творы падчас чарговай сустрэчы літаратурнага клубу “Беларускі Дом. Андэрграўнд”.
Гаворыць сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве Уладзімір Кобец:
– Гэта як лабараторыя для творчай пачынаючай моладзі, дзе яны ствараюць сябе, ствараюць сваю прастору, свой творчы космас. Я веру, ёсць вельмі вялікая будучыня, творчая будучыня. Тут, у межах нашага клуба “БД. Андэрграўнд” яны сябе рэалізуюць.
Клуб “БД. Адэрграўд” стаў камунікатыўнай пляцоўкай творцаў альтэрнатыўных мастацкіх накірункаў. Працягвае завадатар сустрэчаў Аляксандр Салдаценка:
– У рамках гэтага цыклу адбываюцца аўтарскія вечары паэтаў, празаікаў, музыкаў, якія выступалі на вечарынах “Гільдыі паэтаў у эміграцыі” цягам апошніх двух гадоў. Нашыя сустрэчы адбываюцца раз на месяц, апошняя субота, або пятніца месяца.
Вечарына завершылася адкрыццём фотавыставы ўкраінскага мастака Марка Пагодзіна. На здымках паказаны старонкі жыцця Харкава праз прызму ўласных перажыванняў аўтара.
Літаратурныя сустрэчы адбываюцца рэгулярна і праходзяць ў нефармальнай абстаноўцы.
[Not a valid template]
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара