Лукашэнка даручыў аднавіць Тураўскі крыж



 Пра гэта ён заявіў 16 чэрвеня журналістам, наведваючы Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

«Мы абмяркоўвалі гэтую тэму з кіраўніком Банка развіцця, былым віцэ-прэм’ерам Сяргеем Румасам. Я яму даў даручэнне, каб ён з нашымі дзяржаўнымі банкамі падключыўся да гэтага і аднавіў [Тураўскі крыж]», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў гэтым пытанні разам з доктарам гістарычных навук, найлепшым знаўцам гісторыі Турава Пятром Фёдаравічам Лысенкам. Тым самым гісторыкам, які знайшоў іконкі ў Тураве.

«Усе ведаюць пра крыж Еўфрасінні Полацкай, гэта самая славутая рэліквія беларуская. Усе ведаюць пра копію, якую стварыў у Брэсце Мікалай Кузьміч. Аднак у той самы час падобныя крыжы існавалі ва ўсіх епархіях. І свой епархіяльны крыж меў таксама Тураў, хай і не такі багаты, як полацкі.

  Найхутчэй, што ён знік пры землятрусе 1230 года. Гэта быў магутны землятрус у Румыніі, магчыма, у 8 балаў, які дакаціўся да Турава. Той землятрус знішчыў у Кіева-Пячорскай лаўры ў Кіеве Успенскую царкву, Міхайлаўскую царкву. Быў пашкоджаны храм ва Уладзіміры. Тураўскі епархіяльны храм знаходзіўся на слабым падмурку, таму ён быў знішчаны цалкам.

У 1962 годзе падчас раскопак на тураўскім дзядзінцы мной былі знойдзеныя свінцовыя іконкі XII стагоддзя, на адной з якіх быў Кірыла Тураўскі. Я выказаў меркаванне, што яны могуць ад епархіяльнага крыжа, які быў знішчаны і пераламаны ў развалінах. Маю тэорыю ніхто не абверг.

 Мы разам з сынам Фёдарам, калі ён яшчэ быў школьнікам, зрабілі рэканструкцыю гэтага крыжа. На добрую рэканструкцыю не было ні матэрыяльных сродкаў, ні магчымасцяў. Не знайшлі добрага спонсара. Аднак намі ўзноўлены крыж у натуральную велічыню. І калі крыж Кузьміча — гэта абсалютны навадзел, то ў нашым крыжы прысутнічаюць тыя самыя сапраўдныя іконкі ад даўняга крыжа», — дзеліцца ўражаннямі Пётр Лысенка.

nn.by