„Лунінская восень” на Берасцейшчыне
Штогадовы паэтычны фэст „Лунінская восень” праходзіць у вёсцы Лунін Лунінецкага раёна Берасцейшчыны. Найлепшым творцам вобласці ўручаюць прэмію імя Уладзіміра Калесніка. На фэсце прысутнічае кіраўнік Берасцейшчыны Канстанцін Сумар. Вядома, што сярод сёлетніх лаурэатаў, ёсць прозвішча пінскага паэта Анатоля Шушко.
Прэзентаваць свае новыя творы ды распавесці пра супрацу з сербскімі калегамі выпала паэтцы Марыі Кобец. Яна называе “Лунінскую восень” пісьменніцкімі дажынкамі:
– Чалавек, які піша, ён імкнецца да нейкіх вынікаў, ён ужо стараецца ставіць для сябе нейкія мэты, каб быць заўважаным у наступны раз. Насамрэч яна стала для мяне, як і для ўсіх паэтаў-пісьменнікаў, такім мерапрыемствам, на якім падводзяць вынікі, свайго кшталту пісьменніцкія “дажынкі”.
Прэмія імя Уладзіміра Калесніка прысуджаецца з 2007 года за дасягненні ў галіне літаратуры. Уладзімір Калеснік – беларускі пісьменнік, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё айчыннай літаратуры і адукацыі. Каля 30 гадоў працаваў у Берасцейскім педагагічным універсітэце, займаўся беларусазнаўствам.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя