Ля Гальшанскага замку адновяць возера?
За два апошнія месяцы аблічча Гальшанскага замку, у якім астатні год вядзецца частковая рэстаўрацыя і кансервацыя, зазнала істотныя змены.
Паўночная вежа ўжо амаль адбудаваная. На ёй часткова застаюцца рыштаванні, але ўжо відаць, што справа ідзе да завяршэння. Застаецца меркаваць, што ўжо ў наступным годзе тут будуць устаўлены вокны і, магчыма, створыцца першая музейная, так званая „халодная”, экспазіцыя.
Інтэнсіўныя працы вядуцца зараз на пад’ездзе да замку. Праўдападобна, на мэце ёсць запруджванне мясцовай рачулкі і аднаўленне невялікага азярца. Возера на гэтым месцы існавала яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, але пасля таго. як яго забрудзілі сцёкамі з кароўніка, мясцовыя ўлады яго папросту ліквідавалі. Зараз, нават надвячоркам, на тым месцы працуюць рабочыя з дарожнай тэхнікай.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя