Ля Наваградка знойдзена ўнікальная пячатка



Адзіную ў Беларусі старадаўнюю пячатку знайшлі ў Гарадзенскай вобласці. На раскопках у Наваградскім раёне валанцёры натыкнуліся на рэдкую матрыцу-пячатку другой паловы XIII стагоддзя. Яна знойдзеная на месцы першапачатковага размяшчэння Лаўрышаўскага манастыра.

77L1Матрыца-пячатка выраблена са сланцавага каменя. На ёй зроблены надпіс, характэрны для XII-XIV стагоддзяў. Надпіс спалучае грэцкую і старажытнарускую мовы і расшыфраваны як „Святая пустыня”, піша БелаПАН.

Гэтая знаходка ўжо названая каштоўнасцю нацыянальнага маштабу. Магчыма, у канцы года пячатка будзе выстаўлена ў Нацыянальным музеі гісторыі. На старажытнарускіх землях вядома шмат пячатак, але гэта адбіткі. Таму знаходка Лаўрышаўскага манастыра такая каштоўная.

Раскопкі ў Лаўрышаве доўжацца ўжо пяць гадоў. Іх ўзначальвае прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ Сяргей Расадзін. За час работ знойдзены падмурак манастыра, побытавыя рэчы, кераміка, кафля, манеты. Раскопкі плануецца працягнуць.

Нагадаем, у траўні гэтага года ў Полацку была знойдзена пячатка ХІІ стагоддзя, якая належала Еўфрасінні Полацкай (але не матрыца, а адбітак).

Заснавальнікамі Лаўрышаўскага манастыра ў XIII стагоддзі былі Войшалк (сын Міндоўга) і святы вялебны ігумен Елісей Лаўрышаўскі. Заснаваны манастыр хутчэй за ўсё ў 1257 ці 1258 гадах. У ХІІІ – ХІV стагоддзях манастыр быў летапісным цэнтрам краіны. У 1329 тут было створана рукапіснае Лаўрышаўскае Евангелле.