Лялечны тэатр Баранавіцкага ТБМ набывае папулярнасць
Беларускі лялечны тэатр Баранавіцкай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы”, створаны не так даўно, але ўжо набывае папулярнасць.
З казкай “Каза Манюка” дарослыя артысты тэатра – сябры Таварыства -выступаюць у дзіцячых садках і школах. Тэатр створаны з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, кажа адна з арганізатарак лялечнага тэатра Таццяна Малашчанка:
– Сама ідэя была, каб збіраць дзяцей па садках для беларускамоўнага класа.
Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы Мікалая Падгайскага, спачатку лялек арэндавалі, а потым пашылі свае. Шылі сем’ямі сябры таварыства.
– Нашы беларускія лялькі робяць самыя розныя людзі. Дзеда, бабу і ўнучку ў нас рабіла сям’я Тумашчыкаў. Але паралельна мы яшчэ заказвалі лалек дачцэ Аркадзя Несцерука, якая працуе настаўніцай. Яна вельмі таленавіты чалавек, зрабіла камплект цудоўных лялек.
Нядаўна нават былі сумесныя гастролі з лялечным тэатрам сярэдняй школы №10. Выступалі ў дзвюх школах Баранавіцкага раёна. Прыемна бачыць, што дзеці з задавальненнем глядзяць пастаноўкі на роднай мове, гавораць акторы тэатра.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя