Лявон Анацка: Беларуская мова не гучыць на Лідскім радыё
Ліда – горад з вялікай гісторыяй, сёлета стаў культурнай сталіцай Беларусі. Сярод справаў, поўных узаемаразумення паміж рупліўцамі беларускай мовы і чыноўнікамі, сведчаннем чаму былі сёлетнія мерапрыемствы па Агульнанацыянальнай дыктоўцы, ёсць факты поўнай канфрантацыі. Мясцовая радыёкампанія амаль поўнасцю пераключылася на расейскія песні, свядома ігнаруючы беларускія.
“Госць Рацыі” – старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка, які намагаецца вярнуць на Лідскае радыё беларускае слова і песню.
РР: Мы з Вамі сёння размаўляем не як з вядомым у Беларусі спартоўцам, супермарафонцам, а як з рупліўцам беларускай мовы. Вядома, што не так усё гладка нават у такім культурным цэнтры Беларусі, якім стала Ліда сёлета, з беларускай мовай. Ці гэта так?
Лявон Анацка: Сапраўды так. Ліда стала культурнай сталіцай Беларусі. Атрымалася, што марафонам сваім я цяпер не займаюся, вырашыў заняцца культурніцкім марафонам. Ліда – гістарычны горад. Ёй амаль 700 год. Як мы можам шанаваць сваю культуру, мову, калі мы нават беларускую мову не чуем на лідскім радыё. Я проста пачаў фіксаваць, колькі гучыць песень на беларускай мове, на рускай, колькі спяваюць пра нашу Беларусь, пра горад Ліду, напрыклад. Дарэчы, ніводнай песні так і не пачуў. І я прыйшоў да такой высновы, неверагоднай, можна сказаць, што сітуацыя даведзена да абсурду. Калі ў нас дзве радыёстанцыі FM, на якіх гучыць каля 300 песень за суткі, то па FM-станцыі “Твоё Радио” я чуў найбольш тры беларускія песні за суткі, а можа быць і 1-2. Я лічу, гэта ўвогуле жах. І я стаў пісаць, пытацца, быць на прыёмах, пісаць звароты. Адчуваю, што гэта справа вельмі доўгая.
РР: Ці праўда, што ў Лідзе, нягледзячы на такую руплівасць мясцовых актывістаў ТБМ, кантактаў з раённымі ўладамі даволі шчыльных, тым не менш, гэты “рускі свет” прасоўваецца праз мясцовае радыё?
Лявон Анацка: Сапраўды, гэта даволі складанае пытанне. Бо калі тэлебачанне мы можам не глядзець, калі не хочам, то зараз пацяплела і лідскае радыё ўключаюць гучней. І людзям даводзіцца слухаць гэтую папсу: “Чубчик кучерявый”, “Чашка кофею”, “Черный ворон”, “Америкэн бой”, можа іх калі і трэба слухаць, але яны не мусяць уваходзіць у галаву неўсвядомлена. Вось учора я схадзіў у краму ўвечары, мяне ўразіла. Сядзелі тры прыгожыя дзяўчынкі, яны не сварыліся, яны проста адна з адной размаўлялі матам. Гэта страшэнна! Я, напрыклад, мару пра тое, каб у Лідзе ў нас сустракаліся б дзяўчаткі, якія размаўлялі б па-беларуску. А гэта тады, калі яны недзе будуць чуць гэта. Але дзе яны могуць гэта чуць? На радыё. Трэба хоць часткова, напрыклад, не тры песні ў дзень, а хаця б тры песні – у гадзіну, з дваццаці – тры. А я нават не магу дамагчыся, каб „Песняры” загучалі. І ў гэтым годзе ім 50 год, як яны маюць такую назву. У нас культурная сталіца Ліда, і гэта дзіўна. І я спадзяюся на лепшае.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя