Лявон Карповіч выдаў даведнік па гісторыі беларускай маркі
У Гарадзенскім выдавецтве ЮрСаПрынт выйшла кніга “Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасці”. Аўтарам з’яўляецца вядомы беларускі краязнаўца і філатэліст з мястэчка Луна Лявон Карповіч. Даследаванне на падставе шматлікіх крыніц паказвае гісторыю узнікнення і развіцця беларускай паштовай маркі. Ва уступным слове гаворыцца: “Пад вокладкай гэтай кніжачкі ўпершыню сабрана разам амаль усё, што вядома пра беларускія маркі ў перыяд ад першай маркі ў часы Беларускай Народнай Рэспублікі да першай маркі ў Незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Гісторыя паштовай маркі непарыўна звязаная з гісторыяй краіны і яе народа. Таму змест будзе цікавы не толькі для філатэлістаў і калекцыянераў, але для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусаў”.
Лявон Карповіч: “Я у гэтай брашурцы сабраў ўсё, што даў рады, ад першай беларускай маркі часоў БНР, праз эміграцыю і да першай маркі часоў незалежнасці. У Беларусі пра гэта пісалі Леў Коласаў, Валянцін Баціеўскі, Андрэй Мялешка, але ў розных выданнях і асобнымі артыкуламі. Гэта першае выданне даведніка беларускай маркі. І я перакананы, што такое выданне павінна быць, так як яны ёсць у вялікай колькасці ў нашых бліжэйшых суседзяў. Гэты маленькі кавалачак паперы – паштовая марка – уводзіць краіну ў каталогі цэлага свету, робіць яе вядомай, становіцца сімвалам трываласці народу і яго незалежнасці, дапамагае фармаваць гістарычную свядомасць нацыі”.
Паводле сайту http://www.harodniaspring.org/, фота Эдварда Дмухоўскага