Лявон Тарасэвіч стаў лаўрэатам узнагароды Rzeczpospolitej імя Ежы Гедройца (абноўлена)
Вядомы мастак беларускага паходжання Лявон Тарасэвіч стаў адным з лаўрэатаў узнагароды Rzeczpospolitej імя Ежы Гедройца.
Другім лаўрэатам названы польскі гісторык Анджэй Суліма Каміньскі.
Абодва лаўрэаты атрымалі медалі з выявай Гедройца і памятныя дыпломы. Узнагароду даюць за дзейнасць, скіраваную на паразуменне краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Гаворыць галоўны рэдактар выдання, Багуслаў Хработа:
— Без Ежы Гедройца і ягоных падказак не было б Усходняга партнёрства, не было б падтрымкі незалежнай Украіны, не было б курсу на незалежную, дэмакратычную Беларусь.
Лявон Тарасэвіч:
— Не прымусіш работніка ці селяніна ствараць дзяржаву. Дзяржаву стварае свядомае гістарычна, свядомае нацыянальна грамадства. Таму я лічу, што трэба даць шанец, каб беларусы самі, сваім голасам маглі сказаць, што мы — гэта мы.
Пра дзейнасць, творчасць і асобу прафесара Тарасэвіча распавяла дырэктар тэлеканала „Белсат”, польская журналістка Агнешка Рамашэўская-Гузы. Яна падкрэсліла, што журы прэміі ацаніла прафесара за тое, пра што ў польскіх крыніцах звычайна не шмат гавораць:
– За штосьці, што звычайна падсумоўваецца ў яго біяграфіі адным сказам: „Падкрэслівае свае беларускія карані, актыўна дзейнічае ў культурніцкім жыцці меншасці ў Польшчы”. Гэта цытата з Вікіпедыі, што, канешне, праўда, але ідзе пра штосьці нашмат большае. Лявон Тарасэвіч з’яўляецца ўпартым абаронцам і папулярызатарам каштоўнасцяў свету, адным са спадчыннікаў, якім сябе адчувае, чаго ў значнай частцы ўжо няма. Гэтай Рэчы Паспалітай абодвух народаў, якая складалася з нашмат большай колькасці народаў, чым два.
Узнагароду імя Ежы Гедройца рэдакцыя Rzeczpospolitej устанавіла ў 2001 годзе, у першую гадавіну смерці выбітнага патрыёта, знакамітага рэдактара і палітыка, стваральніка „Культуры” і Літаратурнага інстытута ў Парыжы. Узнагароду могуць атрымаць асобы альбо ўстановы, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі Гедройца, сярод якіх – клопат пра грамадскія справы, умацаванне пазіцыі Польшчы ў Еўропе і развіццё добрых стасункаў з народамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Сёлета на ўзнагароду былі намінаваныя сем кандыдатаў, творчыя дзеянні якіх з’яўляюцца працягам паслання стваральніка Літаратурнага Інстытута ў Парыжы. Сярод іх былі таксама Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя