Лявон Вашко: Спадзяюся, новая кніга будзе
Лявон Вашко – беларускі празаік, драматург, літаратуразнаўца. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у газетах і часопісах. Вядомы як аўтар розных андэграўндных праектаў. Выдаў дзве кнігі альманаху «Маленькі сшытак Лявона Вашка». Стварыў інтэрнэт-рэсурс “Духахрам”. Выдаваў бюлетэнь Дзеячас”. Апошнім часам пісьменнік нібыта знік з літаратурнага далягляду. Алесь Аркуш расшукаў яго і пагутарыў.
Лявон Вашко: Празаічныя нейкія творы пісаліся, але між іншым. Шмат нейкай мітусні, у тым ліку і літаратурнай мітусні. Часам другаснае на першы план выходзіць. Нейкія пстрычкі пішуцца. Апавяданні недзе ў галаве ёсць. Трэба сесці і напісаць. Гэта дысцыпліна, самадысцыпліна павінна быць. Проза ёсць, але колькасна пакуль што не задавальняе. Ёсць планы напісаць больш, ніяк не прысяду. Вось зараз рамонты, нейкая хвароба, нейкая мітусня. І ніяк не атрымліваецца.
РР: Апошнім часам ты як бы знік з літаратурнага далягляду. Дзе ты быў, чым займаўся гэтыя мінулыя гады?
Лявон Вашко: Не думаю, што я з літаратуры знік. Усё ж такі нешта пісалася. Выдаваў “Дзеячас”. У інтэрнэце спрабаваў вывешваць свае творы. І мая паэма “Гліст” вывешвалася. І друкавалася ў “Дзеячасе”. І распаўсюджвалася. Адзінае, што колькасна мала экземпляраў. Па законе больш 299 экземпляраў не магу друкаваць. Не маю ліцензіі. Ды і эканамічна цяжка.
РР: Дык атрымліваецца, што твой бюлетэнь Дзеячас” выходзіць дасёння.
Лявон Вашко: Ужо некалькі гадоў не выходзіў. Апошні 17-ы нумар, я ўжо не помню, які там год быў. Напэўна гады тры таму. Ён атрымаўся таўсматы. Там і апавяданне ёсць, і вершы, і публіцыстыка, і літаратуразнаўства. Ужо не помню, колькі там старонак. У дзве кніжкі ўвайшло, бо цяжка пераплёт было зрабіць. Таму атрымаўся адзін выпуск у двух сшытках.
РР: Прыхільні тваёй прозы, а сярод маіх знаёмых такіх шмат, чакаюць тваю новую кнігу. Ці ўклаў ты яе? Ці планаваў выдаць яе бліжэйшым часам?
Лявон Вашко: Я планую яшчэ тое-сёе дапісаць. Ёсць апавяданні, можа на кніжку і атрымалася б. Але неяк хочацца дапісаць, каб яно мела завершанасць. Таму што ў планах ёсць некалькі ненапісаных апавяданняў. Трэба неяк кампазіцыйна завяршыць гэта ўсё. Дасць Бог, напішацца. Трэба на Бога спадзявацца таксама. (смяецца)
РР: Да мяне даходзілі чуткі, што ў цябе былі праблемы са здароўем. Гэта былі нейкія сур’ёзныя праблемы?
Лявон Вашко: Інафаркт быў. Як урачы кажуць – паўторны. Хто яго ведае, каб сур’ёзныя былі – то мы б ужо зараз не размаўлялі. (смяецца) Праўда, з год ужо не пішу амаль што нічога. Не тое, што не хочацца, нейкая лянота. Асабліва пасля інфаркту. Але, думаю, усё наладзіцца з часам. Мяркую. Спадзяюся.
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.