Лявон Вольскі: А неўзабаве прыйдзе дзень, якога так чакаем усе



Сёння ягонае прозвішча не патрабуе падрабязнай візітоўкі. Прыгадаем, што вядомы ён у розных іпастасях – спявак, музыка, літаратар, мастак і нават як калега-радыёвядучы. Думаю, ўсім стала цікава ў свеце Лявона Вольскага.

РР: А “іпастасі” ўсе аднолькава дарагія?

Лявон Вольскі: Радыёвядоўца хутчэй менш дарагі, чым музыка. А так усе блізкія і родныя… Наконт музыкі можна браць адлік хутчэй за ўсё з 1984, калі далі з тагачаснай “Мрояй” першы адэкватны канцэрт у Траецкім прадмесці. Перад гэтым былі “смешныя” выступы ў Менскай мастацкай вучэльні, якую заканчвалі, і на танцах у вёсцы Дзегцяроўка.

РР: Паглядзеў у інтэрнэце Вашу вікіпедыю – здаецца, пра сябе сказалі ўсё. Але мы з вамі ведаем тыя жыццёвыя старонкі, што, у лепшым выпадку, мала хто памятае. Да прыкладу, у першы публічны эфір на Беларускім радыё выйшлі ў 1987 у першым жа ў краіне песенным хіт-парадзе “Беларускай маладзёжнай” з кампазіцыяй, што нават у назве несла ў сабе амбіцыйныя і містычныя спадзяванні на перспектыву – “Ён яшчэ вернецца”. На яе прыйшоў 1481 ліст адразу і я, як вядучы, памятаю пажылую жанчыну з аддзела пісьмаў, якая прыбегла з вачыма-роварамі да галоўнага рэдактара Жаны Літвіной – такой колькасці “на адну перадачу” не было ў гісторыі радыё!

Лявон Вольскі: (смяецца ).

РР: Але пасля быў удар абухам па галаве, калі палітыка, падавалася, паставіла пад удар само далейшае творчае існаванне Вас і “Мроі”. Калі пад “камунапартыйным” знакам “для абавязковага надрукавання” ва ўсіх цэнтральных газетах выйшлі артыкулы “Пена на хвалі перабудовы” і “Бар’ер палітычнай слепаты”.

Лявон Вольскі: Памятаю, як паводле “невядомых” аўтараў, мы ў часе канцэрта ў 76 ПТВ электронікі “вёдрамі выносілі пустыя бутэлькі”. І – “вы за калючым дротам”. Наогул, проста выхапленымі з нашых песень словамі “вайна – паляванне” і, што асабліва грэла кампартыйцаў – “зондэркаманда – гэта пазіцыя”…

РР: Я правёў тады, бадай, першае ў жыцці журналісцкае даследаванне і знайшоў гледачоў-маладзёнаў, што абверглі ўсю лухту. Але з вуснаў аднаго з маіх прафесійных куміраў пачуў – “кожны раз баюся, як загавару”. Менавіта не пра што, а з якой інтанацыяй. У Вашай тых часоў кампазіцыі “Зямля” была шчымліва-падкупляльныя музыка і словы…

Лявон Вольскі: “Зямлю” і цяпер выконваю. Што да інтанацыі, яна сама знаходзіцца і аднекуль прыходзіць па-за маім разуменнем і жаданнем – трэба яе злапаць, спадзяюся, атрымліваецца з Космасу.

РР: Вы пачыналі, як з часоў “Бітлоў” модна было казаць – з “песень пратэсту”. “Я рок-музыкант старых традыцый, гэта не прызванне, гэта пазіцыя”. Але яны суправаджаюць Вас праз увесь шлях…

Лявон Вольскі: У любога значнага рок-музыкі “у партфелі” ёсць парачка дзясяткаў-сотняў такіх песень – дзе пра тое, што баліць, нэрвуе, расчароўвае, падаецца “няправільным” у грамадстве. Пра гэта хочацца пісаць, як і пра тое, што радуе ды ўсцешвае. Увогуле, з часоў тае ж “Мроі” для мяне музыка не была як самамэта. Яна і цяпер як сродак выказвання Думкі. Тады, праўда, словы былі непрычасаныя, часам недасканалыя, але мусілі прагучаць…

РР: У часе працы на забароненай пасля ўладамі радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” адбылося яшчэ адно адгалінаванне ў Вашай творчасці – палітычная сатыра. Калі ў эфір пачала выходзіць аўтарская праграма “Квадракола”, што стала прататыпам сённяшніх “Саўкі ды Грышкі” на Радыё “Свабода”?

Лявон Вольскі: Недзе так. Але часы змяніліся з чорна-белых, калі было ясна – той “за Лукашэнку”, той “супраць”, а нехта “схаваўся ў бульбу”, хоць і гэта пазіцыя. Той жа Лукашэнка паразітаваў на расейскай нафце, штучна падтрымліваючы нейкі дабрабыт у жыхарства. Замежнікі ўхваляюць чыстыя, добрыя вуліцы, расце колькасць кавярняў на Зыбіцкай і Кастрычніцкай, дзе можна рабіць падарожжы з аднаго бара ў іншы. Хаатычна нарастае колькасць каробак-хмарачосаў. Але вось і градацыя колераў. Сам бачыў – стаіць у банку цётачка сярэдніх год і кажа “я ж так яму і ўсяму верыла, як гэта так?!” Страшна было глядзець.

РР: А ёсць варыянты, калі хтосьці купляе косці, зробленыя для сабак…

Лявон Вольскі: Шмат хто галасаваў за Яго, каб абсмоктваць гэтыя косткі.

РР: А самому, як герою “Псіхасаматыкі” не хацелася “чамусьці ўцячы”?

Лявон Вольскі: Перыядычна! Тым больш, свет не такі калі зехаў і больш не вернешся. Можна мець побыт і ў Польшчы, і ў ЗША. У мяне была сур’ёзная замежная практыка, але ж ты не будзеш ніколі там “сваім” артыстам. Для іх ты, ў лепшым выпадку, экзотыка, а тут проста не давалі. Такое адчуванне было і часам працягваецца, хоць ёсць пошукі выйсця з гэтай сітуацыі. У песні з “Грамадазнаўства”, дзе “адкуль не ўцякай, куды не бяжы – і там ты чужы, і там ты чужы”. Гэта ілюстрацыя сітуацыі, калі да канца не свой, а для сваіх “чужы”.

РР: Калі б сеў у “машыну часу” і зноў зведаў тыя жыццёвыя траўмы і пакуты – ці паўтарыў бы шлях дзеля праславутых “100 гадзінаў шчасця”?

Лявон Вольскі: Па-першае, варыянтаў няма. Па-другое, паўтарыў бы! Жыццё ўжо было яскравае і цікавае. І чаму было?! Яно працягваецца…

РР: Адкуль, здаецца, крыху містычна-парадаксальная назва праграмы і апошняга альбому “Белая яблыня грому”?

Лявон Вольскі: О, гэта з верша майстры парадоксаў Рыгора Барадуліна. Дарэчы, нядаўна нехта адкрыў мне “навіну”, што ў праграме народныя паэты. Гэта калі не браць пад увагу такіх класікаў, як Чачот, Міцкевіч. А яшчэ ж кампазіцыі на вершы Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса…

Больш падрабязна пра ўсё і паслухаць малавядомыя аўтарскія музычныя ремінісцэнцыі – можна ў далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара