Лявон Вольскі і Павел Аракелян запрашаюць на калядны канцэрт
Імпрэза адбудзецца ў анлайн-фармаце 25 снежня. Чакаюцца сюрпрызы і сапраўдныя падарункі.
Калядныя акустыкі Лявона Вольскага ўжо даўно сталі добрай традыцыяй. Гэты складаны год, калі нам найбольш патрэбны светлы настрой – не выключэнне. Сёлета Лявон разам з Паўлам Аракелянам чарговы раз зайграюць вялікую анлайн-праграму, падчас якой прагучаць прэм’еры святочных песень і найлепшыя творы.
Год быў настолькі трывожным, што на Каляды хочацца святла і цудаў. Таму канцэрт адбудзецца на фабрыцы калядных эльфаў, і не выключана, што ў напроставым эфіры будуць раздадзеныя падарункі гледачам (магчыма, камусьці іх прывязуць дадому наўпрост падчас канцэрта).
Уваход на імпрэзу па квітках, але кошт можна абраць любы – той, на які ёсць магчымасць ды жаданне.