Лявон Вольскі – на каталіцкім фэсце на Віцебшчыне



Толькі ў Віцебскай дыяцэзіі на каталіцкіх фэстах можна пачуць спевы славутых і вядомых беларускіх музыкаў. Гэтым разам у Параф’янаве, што ў Докшыцкім раёне, выступілі Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Яны прынялі ўдзел у фэсце ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.

Паводле ксяндза Рамана Мурзіча, фэст ладзіцца кожны год, але музыкі заўсёды запрашаюцца розныя:

— Гэты фэст для людзей вельмі важны, бо кожны чалавек чакае. Потым гэтая ўрачыстасць перажываецца ў вельмі вялікай радасці. І не толькі малітоўная частка фэсту, але таксама потым і другая, канцэртная, частка. Гэтым разам я запрасіў Лявона Вольскага як славутага, вядомага спявака, які мне вельмі падабаецца і для многіх становіцца ў пэўным сэнсе кумірам. Яго прысутнасць тут — для нас таксама гонар.

На фэст у Параф’янаве сабралася каля паўтысячы вернікаў. Святкаванню, якое суправаджалася спевамі і пачастункам, паспрыяла таксама і добрае надвор’е.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя