Лявон Вольскі прадставіў «Лёгкія-лёгкія 2018»
Гурт Volski прадставіў новую версію песні «Лёгкія-лёгкія», прымеркаваную да старту тура па Беларусі. Першы канцэрт адбудзецца 14 красавіка ў Red Pub у Гомелі.
Фота: Андрэй Давыдчык
У праграме туру лепшыя песні N.R.M., «Мроі» і сольных альбомаў Вольскага ў электрычным гучанні. Новая версія «Лёгкія-лёгкія» была запісаная ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам, які запісваў альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016).
– «Лёгкія-лёгкія» – адна з галоўных песень майго жыцця. Яна вельмі асабістая, але, як высветлілася праз гады, эмоцыі, закладзеныя ў ёй, блізкія вялікай колькасці людзей. Ня так даўно мы з прадусарам Снорэ і бубначом Сіндрэ запісалі новую версію. Менавіта так яна цяпер гучыць на нашых канцэртах.
Гурт Volski складаюць Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павел Трыпуць (гітара), Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), Павел Мамонаў (бубны). У дыскаграфіі гурта альбомы «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). У рэпертуары – увесь бэк-каталог лепшых песень калектываў з удзелам Лявона Вольскага.
Графік туру: 14.04 – Гомель, 15.04 – Барысаў, 21.04 – Віцебск, 28.04 – Берасце, 29.04 – Магілёў, 12.05 – Гародня, 18.05 – Бабруйск, 19.05 – Светлагорск. Агульная інфалінія +375 33 661 14 32.