Лявон Вольскі прысвяціў прэмію Freemuse Awards жонцы Ганне
У Стакгольме якраз у гэтыя дні праходзіць „Еўрабачанне”, прыяжджаюць артысты, журналісты і слухачы з розных куткоў свету. Таму па дамоўленасці з арганізатарамі конкурсу, арганізацыя Freemuse уручыла сваю прэмію на адкрытай сцэне „Eurovision Village”, каб звярнуць увагу на тое, што ёсць краіны, дзе пераследуюць музыкаў. Заснавальнік Freemuse Awards Оле Рэйтоў зазначыў са сцэны, што сёлета перамог беларус Лявон Вольскі, творчасць якога забаронена на ягонай Радзіме.
Вольскі ў сваёй прамове сказаў наступнае: „Я ўдзячны за ўвагу да маёй сціплай персоны, да маёй музычнай дзейнасці, да майго змагання за дэмакратычныя каштоўнасці ў нашай краіне. Я вельмі ўдзячны Оле Рэўтоў за тое, што ён ездзіў на мае канцэрты па ўсёй Еўропе. І я хачу, каб вы зразумелі, што ў Беларусі ёсць сур’ёзная праблема з свабодай слова. Прэмію прысвячаю маёй жонцы Ганне, якая нядаўна нас пакінула, яна была маім прадусарам і дапамагала ў праектах у самыя цяжкія часы. Дзякуй усім!”.
Са сцэны „Eurovision Village” Вольскі выканаў песню „Чужы” разам з Рэмі Эсамам, папярэднім уладальнікам Freemuse Awards. Творчасць гэтага егіпецкага спевака таксама забаронена ў яго роднай краіне. Рэмі развучыў разам з Лявонам беларускамоўны спеў літаральна за дзень у гатэльным нумары.
[youtube id=”4iqe3HB-6dI”]
Лявон Вольскі стаў першым беларусам, які атрымаў міжнародную прэмію Freemuse Award, якая ўручаецца за „выдатную працу на карысць свабоды музычнага выказвання”. Першым узнагароду атрымаў у 2008 годзе рэгі-спявак з Кот-д’Івуару Тыкэн Джа Факолі, якога фактычна выслалі з роднай краіны і пагражалі расправай за песні з крытыкаю ўладаў. Freemuse Award таксама атрымлівалі Рамі Эсам — музыка з Егіпта, якога назвалі „спеваком рэвалюцыі”, падчас падзеяў у Каіры ў 2011 годзе яго жорстка збілі пры разгоне акцыі; курдскі музыка Фэрхат Тунч, якога за яго творчасць прысудзілі да месячнага турэмнага зняволення, а таксама Піт Сыгер, знакаміты амерыканскі фольк-спявак ды грамадскі актывіст.