Лявон Вольскі, Teleport і яшчэ сем гуртоў – «Адборышча» ў Менску
11-га траўня менскі клуб «Бруге» ператворыцца ў міні-версію фестывалю «Басовішча». У гэты дзень адбудзецца 5-гадзінны канцэрт канкурсантаў сёлетняга фестывалю, пераможцаў мінулага году і Лявона Вольскага.
Распачне імпрэзу канцэртнае праслухоўванне паўфіналістаў Конкурсу. На сцэну выйдуць рознастылёвыя выканаўцы: электронны гурт SnopSnoŭ, індзі-фолькавая каманда Helious, пост-панкавы праект Nürnberg, гітарны дуэт «MorkvoЦвет», поп-гурт D.Jaza, электронны праект K3tyvana ды cвежаспечаны дуэт ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Ўладзя Лянкевіча «Eryk i Ja». Гурт «Колір», які таксама прайшоў у паўфінал, не зможа вочна прысутнічаць на «Адборышчы» і з гэтай прычыны, на жаль, быў выключаны з конкурсу. Па выніку выступаў паўфіналістаў будзе названа 4 каманды, якія возьмуць удзел у фінале конкурсу на самім «Басовішчы» 20-га ліпеня.
Таксама запланаваныя адмысловыя сэты гасцей. Новы матэрыял, які музыкі нядаўна ездзілі запісваць у Кіеў, пакажуць пераможцы «Басовішча-2017» з гурта Teleport. А кульмінацыяй вечару стане вялікі сэт даўняга сябры «Басовішча» Лявона Вольскага – паўтары гадзіны любімых гітоў у поўным гуку!
Квіткі ў продажы на bezkassira.by. Да 20.04 яны будуць прадавацца па зніжаным кошце – 20 BYN (танцпляц) / 25 BYN (столік), наступныя тыдні – 25 BYN / 30 BYN, а ў дзень мерапрыемства (пры наяўнасці) – 30 BYN / 35 BYN.
«Адборышча»: Лявон Вольскі, Teleport і сем гуртоў-паўфіналістаў
11-га траўня, 17:00-22:00
Клуб «Бруге» (Партызанскі пр. 6А)