Лявон Вольскі выдаў канцэптуальны альбом



Сёння адбыўся рэліз новага альбома Лявона Вольскага «Гравітацыя». Дыск распавядае пра ўсе асноўныя стадыі чалавечага жыцця: ад нараджэння да скону. Канцэртная прэзентацыя альбома адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall.

volski-hravitacyja-cover

Новы альбом «Гравітацыя» завяршае трылогію, распачатую дыскамі «Грамадазнаўства» (2014), «Псіхасаматыка» (2016). Як і папярэднікі, ён быў запісаны ў Вільні з нарвежскім саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам. Сродкі на запіс і выданне збіраліся праз краўдфандынг. Зараз пачынаецца працэс рассылкі лотаў і абвестак данатарам праекту. Новы альбом дасяжны на iTunes ды іншых лічбавых пляцоўках.

– У гэты дзень хачу найперш падзякаваць усім, хто падтрымаў краўдфандынг – для мяне гэта неацэнна, – напісаў Лявон Вольскі ў сваім Facebook. – Канцэпцыя альбома – гісторыя чалавечага жыцця, ад нараджэння і да скону, з прывязкай да пэўнай тэрыторыі. Спачатку юнацкі максімалізм, мары, летуценні, першае каханне, мары, а потым пачынаецца пераход у дарослы час, калі шмат што не спраўдзілася ды яшчэ сістэма ўрываецца ў тваё жыццё і бязбожна яго рэдагуе. А потым ужо сталасць, калі сыходзяць сябры і людзі вакол, трэба падводзіць вынікі. Шмат у чым невясёлыя.

Канцэртная прэзентацыя альбома «Гравітацыя» адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. У першым аддзяленні прагучыць новы альбом, у другім – лепшыя песні з сольных альбомаў Лявона Вольскага і розных гуртоў з яго удзелам. Квіткі коштам ад 40 рублёў можна набыць на сайтах Kvitki.by, Primehall.by, а таксама ў касах горада. Даведка: (033) 661 14 32.

budzma.by