Лявон Вольскі выдаў кліп на песню «Зніклыя людзі»



У сеціве адбылася прэм’ера першага сінгла з новага альбома Лявона Вольскага «Гравітацыя». Відэа «Зніклыя людзі» зняў рэжысёр Арцём Лобач.

– Песня была напісаная год таму. Яна пра пэўны этап у жыцці, калі паступова сыходзяць сябры, знаёмыя, родныя. Нейкія моманты нагадваюць пра іх – месцы, рэчы, словы, музыка – а іх ужо няма. І чым далей, тым больш такога, – канстатуе Лявон Вольскі.

10 дзён таму музыка распачаў краўдфандынг на альбом «Гравітыцыя», які мае стаць завяршальным у трылогіі, распачатай дыскамі «Грамадазнаўства» (2014)  і «Псіхасаматыка» (2016). Ужо сабрана 30% ад сумы.

У якасці падзякі за падтрымку праекта фундатары могуць атрымаць разнастайныя лоты: ад дыскаў і атрыбутыкі да жывапісу і жывога канцэрта Лявона Вольскага. Азнаёміцца з лотамі і паўдзельнічаць у краўдфандынгу можна на сайце http://newalbum.lavonvolski.com.

Паводле прэс-рэлізу

Фота: Андрэй Давыдчык