Лявон Вольскі зайграў у Гародні
Больш за 200 гарадзенцаў прыйшло на акустычны канцэрт у новым памяшканні Цэнтра гарадскога жыцця, каб паслухаць легенду беларускага року Лявона Вольскага. Музыка праспяваў амаль два тузіна песняў з розных альбомаў і супольных праектаў. Жыхары Гародні лічаць такі выступ музыкі лепшым за дазволеныя канцэрты ў вялікіх памяшканнях:
– Цудоўная атмасфера, свойская, можна сказаць. І такі дух, ведаеце, наш, родны, беларускі. Калі спяваем разам – хваля ідзе, ажно дрыжыкі бяруць.
– Лявон Вольскі – гэта стоўб, гэта глыба, гэта вялікае імя ў беларускай музыцы. Гэта і вялікая падзея – столькі народу прыйшло. Колькасць людзей адразу адказвае на пытанне: хто такі Лявон Вольскі?
– Лявон Вольскі – гэта рух. Дзе тыя людзі, калі нейкая імпрэза беларуская адбываецца? На курсах «Мова нанова»? Калі я ўпершыню прыйшоў, у мяне адразу паўстала такое пытанне.
Лявон Волскі таксама падзяліўся ўражаннямі са свайго выступу:
– На афіцыйных канцэртах усе ўсяго баяцца: баяцца выкарыстання сімволікі, баяцца «Жыве Беларусь!» – усяго гэтага баяцца. Міжволі гэта перадаецца табе таксама. Канешне, усё роўна будзе «Жыве Беларусь!», усё роўна будзе нейкая сімволіка, аднак ёсць нейкая няўтульнасць ва ўсім гэтым. А на неафіцыйных канцэртах – што хочаш, тое і рабі насамрэч. Гародня заўсёды мне вельмі-вельмі прыязна. Класны горад. Публіка дала энергіі, я не вельмі стаміўся. Магу сказаць, што спявалі класна, вось што дзіўна. Я ж усімі праводжу апошнім часам такія трэнінгі, і тут спявалі проста выдатна.
Пасля канцэрта адбылася фота і аўтографсесія, якая цягнулася больш за гадзіну.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня