Лявон Вольскі зладзіў дваровы канцэрт у цэнтры Менску
У дворыку менскага клуба Lidbeer прайшоў вялікі акустычны канцэрт Лявона Вольскага.
Музыка распавёў, што ўвосень плануе зладзіць паўнавартасны тур па гарадах Беларусі, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад выступу ў Менску:
– Такі вельмі цікавы досьвед. Таму што мы думалі, што будзе ўсё ж такі больш камерны канцэрт. Мне хацелася больш размаўляць з людзьмі. А атрымаўся амаль што фестываль. Усё ж такі ёсць там нейкія спісы, якія прадпісваюць тое, што не павінна быць. Шкада. Але вось на такіх канцэртах можна класна адрывацца.
Напярэдадні імпрэзы гледачам прапанавалі абраць некалькі песень, якія яны б хацелі зайграць разам з музыкамі. У галасаванні перамаглі «Лёгкія-лёгкія» ды «Паветраны шар». Найбольш імпэтныя слухачы прынеслі з сабой музычныя інструменты і далучыліся да музычнага джэму.
Распавядае бубнач Хведар Грувіч:
– Прышпільваюць такія рэчы. Калі музыкі, нават узроўню Лявона Вольскага, даюць такую магчымасць стаць бліжэй да свайго слухача. Я буду рады, калі яшчэ такія перформенсы спадар Вольскі будзе ладзіць.
Таксама наведвальнікі змаглі пачуць акустычнае выкананне некаторых песень з новага альбому Вольскага «Гравітацыя», які выйшаў увесну.
Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск