„Лёгкія паводзіны” – сумесная выстава Шобы і Панцялеевай
Першы сумесны праект мастачак Валянціны Шобы і Ганны Панцялеевай пад назвай „Лёгкія паводзіны” адкрыўся ў гарадзенскай галерэі „У майстра”.
На думку мастачак, гэта выстава – пратэст перад сучаснасцю. Кажа Ганна Панцялеева:
– На карцінах мы паказалі пераход ад традыцыйных адносін да не зусім традыцыйных. Напрыклад, мае кеды, якія на зорках, гэта абазначае тое, што перашкаджае нам сысці да гэтых самых зорак. Нашыя ідэі, якія нам прышчаплялі вельмі-вельмі даўно, яны як гэтыя цвікі, прыбіліся і перашкаджаюць нам кудысьці адсюль сысці. Я хачу сысці, а яна не, вось гэта наша.
На думку Валянціны Брысач, кіраўнічкі Таварыства польскіх мастакоў пры незалежным Саюзе палякаў на Беларусі, гэта ўнікальная выстава:
– Выстава Валянціны Шобы і яе дачкі Анны Панцялеевай. Калі я ўбачыла афішу, мяне вельмі заінтрыгавала. Гэта іх першы такі праект, мне было вельмі цікава, я цяпер на выстаўцы ўжо гляджу, сапраўды працы, асабліва Аніны, бо я ўвогуле не бачыла, як яна малюе. Валянціну я ведаю ўжо даўно, яна кожны раз здзіўляе, усіх можа зацікавіць, заінтрыгаваць. Спадзяюся, што і далей яны будуць радаваць нас новымі праектамі.
На выставе прадстаўлена амаль два тузіны працаў, а павіншаваць мастачак прыйшлі іх калегі – мастакі, а таксама дыпламаты з консульства Польшчы і Літвы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня