Лёс слуцкага паўстанца
14 кастрычніка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча Лявона Рыдлеўскага (1903-1953).
Дзеяч беларускага руху ў Чэхіі і Францыі Лявон Рыдлеўскі быў адным з наймаладзейшых байцоў Слуцкага збройнага чыну (1920). У 1921 годзе ён удзельнічаў у антысавецкім партызанскіх руху на Палессі. У 1940–1945 гадах ваяваў супраць нацыстаў у складзе французскага іншаземнага легіёну і партызанскіх аддзелаў макí.
Найбольш вядомы Лявон Рыдлеўскі як віцэ-прэзыдэнт Рады БНР, паплечнік Міколы Абрамчыка, актывіст беларускага руху ў Францыі.
У 1923 годзе Лявон Рыдлеўскі скончыў знакамітую Віленскую беларускую гімназію. З Заходняй Беларусі, якая была пад польскай уладай, выехаў у Чэхаславаччыну, дзе ў ВНУ прымалі выпускнікоў беларускіх гімназій Польшчы.
Па вайне вярнуўся ў Парыж, стаў актыўна ўдзельнічаць у стварэнні Аб’яднання беларускіх работнікаў у Францыі, выданні “Беларускіх навінаў”, быў сакратаром Прэзідыуму Рады БНР.
У 1945 годзе ў Парыжы быў заснаваны фактычна адзіны ў замежжы беларускі прафсаюз — Аб’яднанне беларускіх работнікаў пры Хрысціянскім сындыкаце рабочых Францыі. Узначаліў яго Лявон Рыдлеўскі.
Ён жа быў рэдактарам газеты «Беларускія навіны» (1945–1947), якая па вайне выходзіла ў Парыжы як дадатак да францускай прафсаюзнай газеты «Syndicalisme».
Лявон Рыдлеўскі з’яўляўся і рэдактарам часопіса беларускай вызвольнай думкі «За волю». Часопіс друкаваўся ў 1951 годзе ў Парыжы, у беларускай грамадскай друкарні, выкупленай Беларускім выдавецкім фондам за 200 тысяч франкаў, якія сабралі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Гэта была першая беларуская друкарня ў эміграцыі.
У сувязі з рэзкім пагаршэннем здароўя (рак) і цяжкім матэрыяльным становішчам Лявон Рыдлеўскі пераехаў у Лондан пад апеку а. Часлава Сіповіча, дзе неўзабаве памёр. Пахаваны на Hampstead cemetery.
Беларускае Радыё Рацыя