Любіў Карэліччыну і пісаў пра яе кнігі
8 студзеня споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, педагога і краязнаўца з Карэліч Івана Вярбіцкага (1931-2018).
Іван Вярбіцкі, Янка Брыль, Генадзь Вахтопаў, Генадзь Дзмітрыеў, 1990 г.
Іван Вярбіцкі шмат зрабіў для свайго Карэліцкага раёна. Усё жыццё ён аддаў педагогіцы. У 1955 годзе ён скончыў Наваградскае педвучылішча, а ў 1962 — гістарычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта. Працаваў на розных пасадах: настаўнікам пачатковых класаў, завучам і дырэктарам школы, настаўнікам гісторыі, старшынём райкама прафсаюза работнікаў асветы Карэліцкага раёна і метадыстам. Адначасна займаўся літаратурай і краязнаўствам. Вершы пачаў пісаць у 1946 годзе, калі вучыўся ў пятым класе. А першы верш быў надрукаваны ў наваградскай газеце “Новае жыццё” 5 снежня 1948 года. Пазней яны сталі друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях. Убачылі свет і зборнікі вершаў Івана Вярбіцкага “Водар чаромхі” (1998) і “Ступені жыцця” (2001).
Апошнія гады Іван Вярбіцкі жыў краязнаўствам. Ён напісаў і пакінуў для свайго раёна асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі Карэліччыны. У 2003 годзе выйшла з друку яго кніга “Луцкі мерыдыян” (пра СВК “Лукі-Агра”), у 2004 — дзве кнігі: “Ручнічком дарожка” (пра ААТ “Карэлічы-Лён”) і “Гарызонты “Маяк-Заполля” (пра СВК “Маяк-Заполле”), у 2005 — “Шырокае поле здзяйснення” (пра племзавод “Карэлічы”), у 2006 — “У сэрцы з клятвай Гіпакрата” (пра Карэліцкую раённую бальніцу), а ў 2009 годзе пабачыла свет яго кніга “Край Карэліцкі мой”. А кнігу “Ад мінуўшчыны — дарогай…” Іван Вярбіцкі прысвяціў гісторыі Карэлічаў.
Іван Вярбіцкі
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара