Любоў да Бога і Беларусі



7 снежня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і каталіцкага святара Андрэя Зязюлі (Аляксандра Астрамовіча, 1878-1921).

Родам святар і паэт быў з Ашмяншчыны. Пачаў служыць у мястэчку Трабы ў Іўеўскім раёне, вёў богаслужэнні па-беларуску.

Пачатковую адукацыю набыў у Гальшанах. У 1890-1892 гадах вучыўся ў Ашмянскім павятовым вучылішчы. Пасля працаваў на бацькавай гаспадарцы, самастойна вывучаў французскую мову.

З 1 студзеня 1901 года да 14 верасня 1903 года служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку ў Гомелі і ў Барысаве. Закончыў службу ў званні малодшага афіцэра. 

Пасля няўдалых спробаў паступіць у Віленскую духоўную семінарыю (1903-1904) выехаў у Пецярбург, дзе здаў экзамены на званне аптэкара (1906, студзень) і гэтым засведчыў веданне асноў лацінскай мовы, неабходнае для паступлення ў духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. Там, як і іншыя будучыя беларускія адраджэнцы, быў пад духоўнай апекай прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Яшчэ да вучобы ў семінарыі праз суседа ксяндза Лісоўскага, які ў студэнцкія гады наведваў гурток Эпімаха-Шыпілы, малады Астрамовіч далучыўся да беларускай паэзіі. У пецярбургскай семінарыі ён арганізаваў і ўзначаліў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў.

Пісаць вершы Аляксандр Астрамовіч пачаў яшчэ ў семінарыі. Збераглася дата напісання яго верша “Вясновая раніца”: Пецярбург, 29. ІІІ.1908 г., але дэбютаваў ён у газеце “Наша Ніва” ў 1909 годзе вершам “Песня дзяўчаці”. 

Пасвечаны ў святары Аляксандр Астрамовіч быў ў 1910 годзе. Пастырскую дзейнасць пачаў вікарыем Ракаўскага касцёла. Служыў ксяндзом у мястэчках: Трабы, Ракаў, Новы Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно.

Праследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, два гады быў без парафіі. Актыўны грамадскі дзеяч: прымаў удзел у першым з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску ў 1917 годзе, быў сябрам Саюза ксяндзоў-беларусаў, ад якога пачалося стварэнне грамадскай арганізацыі Беларуская Хрысціянская Злучнасць (БХЗ), пазней рэарганізаванай у партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД).

Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць ксяндза Аляксандра Астрамовіча звязана з вытокамі беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя. Большасць ранніх вершаў 1909-1912 гадоў паэт друкаваў у адраджэнскай “Нашай Ніве”. Якраз тады Андрэй Зязюля пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, які вучыўся на агульнаадукацыйных курсах Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), а летнія канікулы праводзіў на сваім любімым хутары Акопы.

Пасля заснавання першай беларускай каталіцкай газеты “Беларус” (“Bielarus”, 1913-1915) Аляксандр Астрамовіч шмат друкаваўся ў гэтым адраджэнска-асветніцкім штотыднёвіку.

У 1913 годзе выдаў зборнік пэзіі “З роднага загону” пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Усе творы Зязюлі паводле зместу і стылю – хрысціянскія і асветніцкія: гэта гутаркі добрага настаўніка з духоўнымі дзецьмі – маленькімі, маладымі і сталымі. Сутнасць яго багаслоўя і філасофіі можна вызначыць адным сказам – любоў да Бога і да ўсялякага Божага тварэння – ад чалавека да жывёлаў, птушак, рыбаў, раслінаў, кожнай былінкі і кветкі. Найперш – да Беларусі, роднага народа, беларускай мовы, культуры, народнага побыту. Паводле сваіх стылёвых прыкмет пейзажная лірыка Андрэя Зязюлі блізкая да коласаўскай. Паэт успрымае прыроду як каштоўны дар і родны чалавеку асяродак яго жыццядзейнасці.

Асобным выданнем пры жыцці паэта была апублікавана яго асветніцкая паэма “Слова праўды аб мове і долі беларусаў” (Прага, 1917 г.).  

З любоўю адносіўся паэт да народнага слова, народнай творчасці. Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік “Беларускія песні з нотамі. Т. 2. (Пб., 1912)”.

З 9 верасня 1917 года Аляксандр Астрамовіч працаваў пробашчам касцёла ў Абольцах Аршанскага дэканата. Два гады служыў ксяндзом у мястэчку Сянно Аршанскага дэканата. Там і памёр 17 студзеня 1921 года, пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках. Але магіла да сённяшніх дзён не знойдзена.

Беларускае Радыё Рацыя