Людміла Нікіціна: Рэгіянальнае краязнаўства заўжды будзе актуальным



Заронава, якое мае статус аграгарадка, практычна нічым не адрозніваецца ад тыповай вёскі. Але тут ёсць унікальная ўстанова, якая зрабіла гэты населены пункт у 25-ці кіламетрах ад Віцебску вядомым на ўсю вобласць, а то і на ўсю Беларусь.  

Гэта гісторыка-этнаграфічны музей “Гісторыя Заронаўскага краю”, якім кіруе краязнаўца Людміла Нікіціна – аўтарка некалькіх кніг пра тутэйшыя мясціны, нястомная вандроўніца па наваколлях, збіральніца фальклору і прыдумшчыца экспазіцыйных цікавостак.

Сёлета музею споўнілася 33 гады: ён быў створаны ў  1986 годзе і меў усяго адзін пакойчык у інтэрнаце для дзяцей з аддаленых вёсак. Апекавацца ім пачала  маладая настаўніца беларускай мовы Людміла Нікіціна, а сёння побач з ёй ужо працуе сын Станіслаў. У музеі некалькі выставачных залаў, экспазіцыі створаны і ў двары, і нават у скляпенні, дзе некалі захоўвалі гародніну для школьнай сталоўкі.  Там месціцца міфалагічная зала, аналагаў  якой няма ў Беларусі: яе “засялілі”  тыя самыя “нячысцікі”, апісаныя фалькларыстам Мікалаем Нікіфароўскім паводле аповедаў  жыхароў якраз тутэйшых  мясцінаў.

Сустракаюць гасцей музею, у якім ужо больш за 24 тысячы экспанатаў, выхаванцы Людмілы Нікіцінай з пазашкольнага дзіцячага гуртка “Юныя экскурсаводы”, у які мясцовая дзятва марыць трапіць з самага дзяцінства. Яшчэ адна галіна дзейнасці краязнаўчага накірунку, – пашуковая: у гэтым раёне падчас вялікай Айчыннай вайны ішлі жортсткія баі за Віцебск, загінулых не паспявалі хаваць нават у брацкія магілы, і мэта пашукавікоў – знаходзіць звесткі  пра страчаныя і забытыя пахаванні, каб перанесці парэшткі воінаў у Заронаўскі мемарыял.

За вёскай раскінулася маляўнічае Заронаўскае возера, пра якое існуе безліч легенд, а панавокал – лясы і палі, поўныя таямніцаў. Калі Людміла Канстанцінаўна распавядае пра каменныя крыжы, якія самі сабой растуць з глебы, або пра паданні, занатаваныя ад старажылаў, то ствараецца ўражанне, што Заронаўскі край – гэта найлепшае месца ў свеце, і нічога падобнага няма больш нідзе ў Беларусі. Аднак  справа не ў выключнасці, кажа Людміла Нікіціна:

– Такіх мясцін багата, але ўнікальнымі яны становяцца толькі тады, калі знаходзяцца людзі, якія расказваюць пра гэта. Дапамагаюць улюбіць у гэты край не толькі мясцовых жыхароў, а кожнага, хто прыязджае сюды. А для настаўніка краязнаўства – гэта вельмі ўдзячны занятак, бо за ім дзеці будуць хадзіць гужам, як гэта сталася і са мной, што ўсе мае вучні, і ранейшыя, і цяперашнія, адданыя краязнаўству. Ведаць свой край, любіць яго – гэта значыць берагчы  яго і захоўваць для тых, хто прыйдзе сюды пасля нас.

Цалкам гутарку з Людмілай Нікіцінай слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя