Людміла Рублеўская — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі
Пісьменніца, паэтка і літаратурны крытык Людміла Рублеўская стала лаўрэатам III Нацыянальнай літаратурнай прэміі па выніках 2016 года за кнігу „Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка І канфедэрата” — чацвёртую кнігу гісторыка-прыгодніцкай фэнтэзійнай тэтралогіі пра маладога шляхціца Пранціша Вырвіча ў антуражы XVIII стагоддзя.
Цырымонія ўшанавання лаўрэатаў літаратурнай прэміі адбылася 3 верасня на Дні беларускага пісьменства ў Полацку.
Аўтарам лепшага твора паэзіі журы конкурсу назвала Анатоля Аўруціна — за зборнік „Паэзія прасвятлення”, а Валерый Назараў з кнігай „Тайнапіс Андрэя Мрыя” ўдастоіўся звання лаўрэата прэміі як аўтар лепшага крытычнага твора.
Узнагароду за лепшы твор драматургіі атрымаў Васіль Ткачоў са зборнікам п’ес „Характары”, за лепшы твор публіцыстыкі — Зіновій Прыгодзіч, аўтар зборніка „Постаці”, за лепшы твор для дзяцей і юнацтва – Міхаіл Пазднякоў з кнігай казак „Возера Дзіва”. Маргарыта Латышкевіч са зборнікам „Яблыкі” перамагла ў намінацыі літаратурных дэбютантаў.
Міхаіл Пазднякоў, выступаючы ад імя ўсіх лаўрэатаў, адзначыў, што „слова і кніга заўсёды былі, ёсць і будуць крыніцай адукацыі, асветы, асновай культуры і той глебай, на якой зараджаецца, квітнее і мацнее душа чалавека і яго народнасць”.
„На нашай зямлі на працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў развівалася і стваралася пісьменства на дзвюх мовах — на нашай роднай беларускай і на такой жа, напэўна, роднай рускай. Мы, беларусы, павінны гэта прызнаваць і берагчы, таму што мы міралюбны, адкрыты і гасцінны народ”, — заявіў літаратар.
Фота irl.by