Людзі выходзілі з музейнага пакойчыку і плакалі

У Варшаве адзначылі гадавіну Музея Вольнай Беларусі. Імпрэзу падтрымалі Маляваныч (ён жа – Аляксандр Ждановіч), лідар гурта “J:Морс” Уладзімір Пугач, Сяржук Доўгушаў, Вольны Аркестр і дуэт Маргарыты Ляўчук з Канстанцінам Гарачым. Таксама цягам падзеі працаваў арт-кірмаш.
“Самае яркае ўражанне за мінулы год – гэта людзі, якія прыходзілі ў Музей”, – распавяла кіраўніца ўстановы Наталля Задзяркоўская:
— Я бачыла людзей, што выходзілі з нашага музейнага пакойчыку і плакалі, былі з Беларусі праездам. Для нас гэта звыклая з’ява, а яны выходзілі: „вось, нашае БЧБ“. Я бачыла ваяроў, што стаялі, напрыклад, каля мемарыялу Лазоўскаму — ён быў у нас ува ўнутраным дворыку. І там бачыла суровых мужчынаў, што плакалі. Людзі і іхныя эмоцыі — самае галоўнае ўражанне.
Павіншаваць Музей Вольнай Беларусі з Народзінамі сабраўся поўны дворык установы.




Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя
