“Лютаўскія музычныя вечары” прысвечаны Ганне Герман



У Пінску праходзіць XXII фестываль “Лютаўскія музычныя вечары”. У штогадовым музычным фэсце ўдзел бяруць 30 айчынных выканаўцаў, якія дадуць у горадзе над Пінай яшчэ шэсць вялікіх канцэртаў.

brpipins01-07                                          Канцэртная зала Пінска.

Пінская канцэртная зала месціцца ў будынку былога касцёла Карла Барамея. Гэта помнік архітэктуры другой паловы XVIII стагоддзя. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў закрыты, і каб выратаваць яго ад разбурэння, мясцовыя ўлады вырашылі ператварыць храм у канцэртную залу. Дзякуючы яго ўнікальнай акустыцы тут асаблівае гучанне набывае арганная і духоўная музыка.

Адкрыццё фестывалю прысвяцілі 80-гадоваму юбілею вядомай спявачцы Ганне Герман. Па просьбе гараджан арганізатары паўтораць вечар творчасці польскай зоркі 13 лютага.

“Час ад часу да класікі трэба дакранацца, каб расці духоўна і інтэлектуальна”, – упэўнены музыка Мікалай Чарноў.

– Для таго, каб скарыстацца гэтым, для таго, каб расці і быць дасканалымі, трэба знаёміцца з гэтымі шэдаўрамі. Паводле праграмы тут ёсць шмат цікавага. Гэты фестываль, напэўна, набывае крылы, і гэта радуе.

Праграму пінскага штогадовага фестывалю “Лютаўскія музычныя вечары” працягнуць канцэрты гітарнай, арганнай ды фартэпіяннай музыкі. Салістка полацкага Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая прыедзе ў Пінск 15 лютага з канцэртам арганнай музыкі.

Арганізатары паведамляюць, што амаль усе квіткі на фестывальныя канцэрты рэалізаваныя, чаго не было ў мінулыя гады.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя