“Лютаўскія музычныя вечары” ў Пінску
Сталіца Палесся Пінск запрашае на фестываль “Лютаўскія музычныя вечары”, які адбудзецца з 6-га па 26-га лютага ў Гарадской канцэртнай зале. Першы вечар будзе прысвечаны вядомай польскай спявачцы Ганне Герман, яе творы прагучаць у выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі Таццяны Старчанкі і салісткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Таццяны Трэцяк. Працягнуць праграму вечары музыкі Лацінскай Амерыкі і арганнай музыкі. Акрамя таго, сёлета 205-я ўгодкі кампазітара і дырыжора Франца Ліста, таму постаць вядомага творцы не застанецца па-за ўвагай, адзначыў выкладчык музыкі Артур Ворнаў:
– Год Ліста – гэта час, калі людзі прыгадваюць яго, прысвячаюць яму канцэртныя праграмы. Бо гэта выдатны кампазітар і геніяльны піяніст. Вядома, музыка і густы людзей розныя. Ліст пашырыў магчымасці фартэпіяна – зрабіў яшчэ адну рэвалюцыю. Таму без творчасці Ліста цяжка ўявіць фартэпіяна, музычную літаратуру.
Гарадская канцэртная зала, дзе адбудзецца фестываль, гэта будынак былога касцёла святога Карла Барамевуша, які пабудавалі пры дапамозе маршалка Вялікага княства Літоўскага Яна Дольскага ў 1695 годзе.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота media-polesye.by