“Мае дзевяностыя” ад Бахарэвіча ў Гародні
У Гародні „Цэнтр гарадскога жыцця” стаў месцам, дзе прайшла першая ў Беларусі вялікая прэзентацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча “Мае дзевяностыя”.
Бахарэвіч пра сваю кнігу заўважыў, што яна паказвае толькі яго асабістую гісторыю жыцця:
– Гэта кніга называецца “Мае дзевяностыя”. І тут гэта важнае слова – “мае”, бо я не імкнуўся ў гэтай кнізе зрабіць злепак эпохі, неяк асэнсаваць іх у дзяржаўным маштабе, культурным. Я пісаў менавіта пра тое, што адбывалася са мной. Гэта кніга, якая выклікала шмат пытанняў у чытачоў і крытыкаў. Пытанняў кшталту: што ёсць праўда, што ёсць памяць?
Выдавец кнігі Андрэй Янушкевіч лічыць кнігу Бахарэвіча ўнікальнай, бо яна ўпершыню ў гісторыі літаратуры Усходняй Еўропы паказвае 90-я:
– Кніга незвычайная ў тым, што Альгерд ізноў звяртаецца да жанру нон-фікшн. Звычайна мемуары пішуцца старымі людзьмі, якія хочуць падсумаваць сваё жыццё. У Альгерда іншы падыход. Ён вырашыў падсумаваць сваю маладосць, цэлую эпоху. Здаецца, гэта адна з самых ўдалых спроб зрабіць літаратурна-мастацкую справаздачу пра 90-я гады не толькі ў беларускай літаратуры, а напэўна ў літаратуры Еўропы.
На сустрэчы можна было пабачыць усе новыя кнігі выдавецтва “Янушкевіч”, а таксама даведацца пра ўнікальныя пераклады Юліі Цімафеевай.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня