“Мае хобі” ад Ігара Адасіка ў Гародні
Музыка і праекціроўшчык Ігар Адасік прадставіў ў гарадзенскім музеі Гарадніцы свае захапленні. Экспазіцыя змяшчае з сотню мадэляў вайсковай тэхнікі, музычныя інструменты і папяровыя замкі.
Пра выставу распавядае Ігар Адасік:
– Гэта прадукты маёй жыццядзейнасці. Мае розныя захапленні, як то мадэлізм, калекцыянаванне, рукадзелле. Мадэлізмам займаюся з самага дзяцінства. Клеіў самалёцікі, збіраў мадэлькі машын. Потым з цягам часу назбіраў дастаткова вялікую калекцыю машынак і рознай тэхнікі больш за 500.
Ігар Адасік вельмі ўсцешаны, што можа паказаць гарадзенцам папяровыя макеты з праекту “Беларускія замкі”:
– Каб кожны дзіцёнак мог сам зрабіць макет літаральна за гадзінку. Вельмі просты, вельмі пазнавальны, скажам, будынак. Менавіта з такой мэтай ствараўся наш праект belzamki.by. Прайшло шэсць гадоў, і за гэты час мы зрабілі больш за 50 розных мадэляў. Гэта замкі, цэрквы, першыя гарады, старажытная архітэктура на нашых беларускіх землях.
Паглядзець выставу са збораў Ігара Адасіка будзе магчыма цягам двух тыдняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня