“Мае турэмныя муры”



“Мае турэмныя муры” – у Вільні ў Беларускім доме адбылася прэзентацыя кнігі журналіста Алега Груздзіловіча. У ёй аўтар апісвае свой турэмны вопыт, які складаўся з 9 месяцаў за кратамі.

Прэзентацыя пачалася з уступнага слова кіраўніка Беларускага дома Людвікі Кардзіс, якое нечакана для прысутных абарвалася сцэнкай з мінулага турэмнага жыцця ў выкананні Алега Груздзіловіча (зняволены) і Анатоля Лябедзькі (турэмны наглядчык).

Паводле Алега Груздзіловіча, гэта яго ўжо другая кніга, але яна самая цяжкая і самая значная:

У мяне пытаюцца заўсёды: як прыйшла ідэя напісаць такую кнігу? Нічога не прыходзіла, само жыццё да гэтага падштурхнула. І натуральна, калі мяне ўжо везлі на Валадарку, я ўжо падумаў, што прыйдзецца збіраць матэрыял для новай кнігі. Не хацелася б, але давядзецца.

Як кажа палітык Анатоль Лябедзька, трэба пісаць, таму што многае забываецца, а гэта частка нашай гісторыі:

Хацелася б, каб  гэтая бібліятэка для нас спынілася, хацелася б, каб мы выконвалі функцыю экскурсавода на той жа Валадарцы ці той жа Амерыканцы, ці тым жа Акрэсціна. Як у Нямеччыне, там, дзе была турма штазі, зараз музей. І хочацца, каб хутчэй прыйшоў гэты час, каб мы з такіх вымушаных пісьменнікаў ператварыліся ў экскурсаводаў, каб мы гаварылі пра тое, што было нашай гісторыяй і рабілі ўсё, каб гэта не паўтаралася.

На прэзентацыю завіталі родныя Алега Груздзіловіча, журналісты, сябры, дыпламаты Літвы, Эстоніі, Польшчы, Ірландыі і ЗША. Таксама прысутнічалі былыя палітвязні ды іх родныя.

Напрыканцы імпрэзы жонка Алега Груздзіловіча Мар’яна разбавіла сумныя расповеды пра турэмны лад спевамі пад гітару. Яна разам з прысутнымі праспявала “Муры”, “Развітанне з радзімай” і “Беларусь мая”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя