Майстар-клас па беларускіх спевах адбудзецца ў Варшаве
19 траўня на заняткі „Мова Нанова” ў польскай сталіцы завітае Сяргей Доўгушаў, вядомы беларускі саліст гурта “Vuraj”, кіраўнік і арганізатар „Спеўных сходаў”. Музыка прывязе з сабой некалькі інструментаў, заспявае песні з рэпертуару Vuraj, раскажа пра этнаэкспедыцыі і навучыць спяваць прысутную публіку.
Кажа Сяргей Доўгушаў:
– Калі спытваюць за мяжой: вы хто? Чуюць: мы беларусы. То просяць: праспявайце свае песні. Ніхто не ведае. І ў краіне тое ж самае. Людзі не спяваюць свае застольныя песні. Невядома што спяваюць – “Ой, мароз, мароз”, ці яшчэ штосьці такое. Задача была пастаўлена так: навучыць людзей, каб яны ведалі свае песні і каб пазнаёміліся паміж сабой. І па-другое, каб, у прынцыпе, яны аб’ядналіся. Усе беларусы настолькі разрозненыя, сабраць іх вельмі складана. Менавіта з дапамогай песні, “Спеўных сходаў” мы можам гэта зрабіць.
Мерапрыемства адбудзецца ў „Беларускім доме” ў Варшаве, пачатак у 18.30.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя