Майстар, які адраджае музыку



Рэнесансная арфа, барочная гітара батэнта, колавая ліра, віёла, –  усе гэтыя рэдкія музычныя інструменты робіць  па старадаўніх чарцяжах музыка і майстар  Андрэй Шклёда з Мазыра.

shkleda_1

Яго інструменты гучаць не толькі ў Мазыры ў яго выкананні і ў выкананні мясцовага ансамбля «Альба Рутэнія», але і далёка за межамі Беларусі. Ды і найбольшым попытам зробленыя Андрэем музычныя інстументы карыстаюцца за мяжой. Бо, як кажа музыка, людзі зараз у Беларусі думаюць у першую чаргу пра тое, як пракарміць сябе і сваю сям’ю, а не пра музыку, на жаль.

– Гэта – адраджэнне нашай культуры. Вельмі цікава ўскрываць гэтыя музычныя пласты і пасля выносіць на публіку. Зацікаўленасць да нашай працы ёсць, але хацелася б, каб нас пачулі. Для Беларусі гэта патрэбна, бо гэтага практычна нідзе няма. Я адзінкавыя прыклады ведаю тых, хто гэтым займаецца. І тое, хтосьці робіць ліру, хтосьці займаецца дудой беларускай. І хацелася б, каб міністэрства культуры бачыла гэта, бо патрэбная падтрымка. Бо даводзіцца і майстэрню самому будаваць, і матэрыялы шукаць, рабіць усё сваімі высілкамі.

Андрэй Шклёда  –  вучань вядомага ў Беларусі майстра па вырабе старажытных музычных інструментаў з Пінска Юрыя Дубнавіцкага. Таксама ён з’ўляецца сябрам Беларускага саюза музычных дзеячаў.

skleda_2

Свае працы Андрэй прадстаўляе на рэспубліканскіх і міжнародных  выставах музычных інструментаў і выконвае старажытныя беларускія мелодыі на разнастайных музычных фестывалях і конкурсах.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара