Максім Хлябец: Мэта нашых выязных заняткаў – пашырэнне курсаў “Мова Нанова”
Моўныя курсы – упершыню ў Пружанах. Вядоўцы курсаў “Мова Нанова” ў Берасці 13 красавіка правядуць выязныя заняткі ў Пружанскім палацыку. Як адзначаецца, “дзякуючы папулярнасці і запатрабаванасці курсаў, з’явілася ідэя зацікавіць і жыхароў маленькіх гарадоў, неабыякавых да беларускай мовы і культуры”.
Кажа адзін з вядоўцаў курсаў, журналіст – Максім Хлябец:
– Мы вырашылі паехаць і дамовіцца з рознымі гарадамі, з рознымі месцамі, дзе можна правесці “Мову”. То бок там мы будзем і вядоўцамі, і гасцямі. Самае галоўнае для нас – паказаць, чым мы займаемся, што мы робім і як гэта праходзіць.
Выязныя курсы плануюцца і ў іншых гарадах. Як кажа Максім Хлябец, хацелася б, каб і там моўныя курсы “прыжыліся”:
– У планах ёсць яшчэ некалькі гарадоў. Мы хочам заехаць, напрыклад, у Каменец, магчыма ў Жабінку і вельмі хацелася б яшчэ ў Пінск, таму што Пінск – гэта вялікі горад і вельмі шкада, што там пакуль што няма гэтых курсаў. А мэта нашых выязных заняткаў – каб зацікавіць і расшукаць людзей, якія б маглі б весці “Мову” там, каб яна там з’явілася.
Пачатак заняткаў у Пружанскім палацыку 18-ай гадзіне. Уваход свабодны, а пажаданая аўдыторыя – дарослыя.
„Мова Нанова” – гэта бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць з 2014 году. На Берасцейшчыне, акрамя абласнога цэнтру, заняткі праходзяць таксама ў Баранавічах. Агулам у Беларусі кожны тыдзень курсы наведвае каля 650 чалавек.
Цалкам размова:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя