Максім Клімковіч: Павінен быць іншы гімн



Сувярэнная краіна – гэта не толькі дзяржаўная мяжа, нацыянальная валюта, а таксама жыццяздольная эканоміка і дзяржаўныя інстытуты, якія абараняюць інтарэсы грамадзянаў. Абавязковыя прыкметы суверынітэту –  Герб, Сцяг і, вядома ж, Гімн.

Гімн “Мы, беларусы…”  быў напісаны кампазітарам Нестарам Сакалоўскім і паэтам Міхасём Клімковічам яшчэ ў 1952 годзе, але афіцыйна прыняты ў якасці музычнай эмблемы БССР толькі ў верасні 1955 года. З невялікімі зменамі гэты Гімн прыняты ў якасці дзяржаўнага і ў Рэспубліцы Беларусь.

2015-12-22_achromienka_himn_belarusi

Фота з архіва Максіма Клімковіча: Міхась Клімковіч, Менск, канец 40-х гадоў.

Чаму яшчэ за сталінскім часам з’явілася патрэба ў дзяржаўным Гімне БССР? Як гэты гімн зацьвярджаўся маскоўскімі музыказнаўцамі з ЦК кампартыі? Ці адпавядае яго музыка і словы сучасным патрабаваннем?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з беларускім пісьменнікам, драматургам і кінасцэнарыстам Максімам Клімковічам, унукам аўтара словаў беларускага гімна Міхася Клімковіча.

Максім Клімковіч: Патрэба ў гімне БССР узнікла адразу пасля вайны. Стваралася ААН, адной з заснавальнікаў якой была Беларусь. А ў такой краіны павінны былі быць Сцяг, Герб і Гімн. Быў абвешчаны конкурс на стварэнне гімна. Людзей удзельнічала даволі шмат: кожнаму паэту і кампазітару хочацца напісаць гімн і так увайсці ў гісторыю. Мой дзед, Міхась Клімковіч, напісаў два варыянты тэкстаў, адзін з каторых быў “Мы, беларусы…” А паколькі дзед жыў з Нестарам Сакалоўскім у адным пад’ездзе, то Сакалоўскі напісаў менавіта музыку.

РР: А хто яшчэ з беларускіх паэтаў браў удзел у конкурсе на напісанне словаў гімна?

Максім Клімковіч: Іх было шмат. Дзед з Нестарам Сакалоўскім напісалі свой варыянт, і потым камісія, якая, натуральна была ў Маскве і якую ўзначальваў Варашылаў. Спачатку ў якасці асноўнага варыянта словаў быў прыняты калектыўны тэкст Пятра Глебкі і Пятра Броўкі. І вось гэты тэкст у Маскве круцілі-круцілі, доўга не прымалі… А дзедава “Мы, беларусы…” зрабілася да таго часу даволі папулярнай. Музыка проста цудоўная, і песню ўвесь час круцілі па радыё. Дзед сапраўды напісаў выдатны тэкст. Зрэшты, кожны верш пішацца дзеля аднаго радка. І гімн – таксама. Там такі радок ёсць: “Мы, беларусы…” Усё астатняе – даніна палітыцы, гісторыі, і гэтак далей. А, паколькі гэта гімн БССР, то нельга было абыйсціся без Сталіна і камуністычнай партыі…

РР: Калі ўзяць словы гімнаў усіх саюзных рэспублік СССР, якія ствараліся ў тыя часы, то згадкі пра Сталіна і братні рускі народ прысутныя паўсюдна, бы пад капірку… Гэта было абавязковае патрабаванне?

Максім Клімковіч: Не думаю, што такое патрабаванне было сфармулявана канкрэтна. Але кожны чалавек, які браўся пісаць гімн, разумеў, што там павінен прысутнічаць сувенірны набор: Сталін, Ленін і братэрскі рускі народ. Інакш – невыкананне “тэхнічнага задання”, невыкананне формы… І вось, круцілі-круцілі ў Маскве той калектыўны тэкст, і дакруціліся ажно да 1954 года. І нарэшце сказалі – “не, такое не можа быць гімнам БССР”. І тут нехта падказаў, што ёсць такая песня Нестара Сакалоўскага на словы Міхася Клімковіча, якая стала амаль народнай. Так “Мы, беларусы…” і прынялі ў якасці гімна БССР. Але дзед пра гэта нават не даведаўся: гімн зацьвердзілі акурат у дзень ягонай смерці.

РР: А як, не сакрэт, ацанілі аўтарства гімна БССР у грашовым эквіваленце?

Максім Клімковіч: Гэта было яшчэ да майго нараджэння, і таму дакладнай ганарарнай сумы я не ведаю. Прынамсі, бабуля казала, што заплацілі прыстойна. Але тут цікавейшая іншая гісторыя. Быў БССР і існаваў гімн БССР. Потым – часы Незалежнасці, Рэспубліка Беларусь, і гэты тэкст не падыходзіць: з камуністамі, Леніным і братэрскім рускім народам. І тады проста адмянілі тэкст: выконвалі адно музыку. Абвясцілі конкурс на новы гімн. Зноў пачалі пісаць шмат-шмат-шмат тэкстаў. І вось прыходзіць да нас дэлегацыя ад беларускіх камуністаў і просяць маю цётку Святлану Клімковіч, якая пісала і вершы, і лібрэта, каб яна перарабіла тэкст Міхася Клімковіча пад новыя рэаліі. Мы ўсе параіліся і прыйшлі да высновы, што рабіць гэтага нельга: дзед пісаў гімн адной дзяржавы, БССР, а цяпер іншая дзяржава. Дый некарэктна перапісваць тэкст за нябожчыка. І потым Уладзімір Карызна гэты тэкст усё ж перапісаў. Я тады думаў – трэба гэта спыніць, бо мы правапераемнікі. Але ж высвятлілася, што паводле беларускага заканадаўства, Герб,  Сцяг і Гімн не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскага права. Таму нічога нельга было зрабіць – у выніку быў зацьверджаны цяперашні гімн, вельмі некарэктна перароблены Уладзімірам Карызнам, які нават з намі не звязаўся падчас правак…

РР: То бок, на ваш погляд, сучасны гімн Рэспублікі Беларусь не адпавядае сваім мэтам? Павінен быць нейкі іншы?

Максім Клімковіч: Так! Павінен быць нейкі іншы, бо гэты гімн – нейкі “пераходны”. Як, зрэшты, і лукашэнкаўская Беларусь – далёка не тая Беларусь, пра якую марылі людзі, якія паклалі за яе жыцці.

У беларускай дыяспары сучасны Гімн “Мы, беларусы…” не надта папулярны. На нацыянальных урачыстасцях найчасцей выконваюць “Магутны Божа”, музыка Міколы Равенскага на словы Наталлі Арсенневай, і Гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” кампазітара Уладзіміра Цераўскага на словы Макара Краўцова.

[youtube id=”vjiREr8lxtc”]

Гімн “Мы, беларусы…” (1952-1956)

[youtube id=”-WcCzXVg-RI”]

Гімн “Мы, беларусы…” (1956-1991)

[youtube id=”srfhJG_yVqY”]

Сучасны гімн “Мы, беларусы…”

[youtube id=”BrkgTzUVdGw”]

Гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ці “Ваяцкі марш”.

[youtube id=”F0c39Fu2jck”]

Гімн “Магутны Божа”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя