Максім Швед: Было так, што не ты шукаеш тэмы, а тэмы шукаюць цябе
Што значыць быць дакументалістам у цяперашніх беларускіх умовах? Ці лёгка ўзяць камеру ў рукі і выйсці на вуліцу? Пра гэта ды іншае паразмаўлялі з нашым сённяшнім госцем, які не толькі здымае кіно, але ў пэўным сэнсе і “жыве ў ім”. Сённяшні Госць Рацыі – беларускі дакументаліст Максім Швед.
РР: Пагаворым найперш пра кіно, бо ведаю, што сярод іншых таксама і ваш дакументальны фільм пад назвай «Маршрут перабудаваны» трапіў на Берлінскі фестываль. Вось якім чынам і як гэта будзе адбывацца? Ці вы самі маеце там прысутнічаць?
Максім Швед: На жаль, большасць фестываляў усё яшчэ анлайн. Таму папрысутнічаць фізічна няма шанцаў. Але стварылася такая суполка, якая і запрасіла мяне паўдзельнічаць і мяне віртуальна ў гэтым фестывалі. Гэтая суполка мае назву «Belarus filmmakers network», яна толькі з’явілася, я дакладана яшчэ не магу распавядаць пра яе. Я толькі адзін з запрошаных удзельнікаў. Але яна мае мэтаю аб’яднаць фільммэйкераў з Беларусі і са шматлкіх краінаў, дзе зараз беларускія рэжысёры-фільммэйкеры працуюць, каб прэзентаваць тое, што мы робім.
РР: Я так разумею, што гэта прыемна для вас як для аўтара, але вы таксама выступаеце ў гэтым як чалавек, які нясе праўду пра сённяшнюю Беларусь.
Максім Швед: Ну так. Я насамрэч у пачатку 2020 года быў трошкі расчараваны індустрыяй. Я выдаў фільм, „Чыстае мастацтва”. Мне даволі цяжка гэта далося. І я падумаў, што можа гэтую справу трэба і спыняць.
РР: Фільм адзначаны на фестывалі «Лістапад», наколькі я памятаю.
Максім Швед: Фільм добра прынялі гледачы, але справа была трошкі ў іншым, справа была менавіта ў прадукцыйнай частцы, якая тры гады цягнулася і шмат энергіі патрабавалася ад мяне. Потым мой герой скончыў жыццё самагубствам. То бок я быў няўпэўнены трошкі, ці варта далей займацца гэтым. І тут пачаліся гэтыя ўсе беларускія падзеі. І тут я ўжо адчуў, што гэта такая мая місія, я ўжо не магу проста ўзяць і кінуць, бо калі я ўмею, калі атрымоўваецца больш-менш, то трэба неяк далей распавядаць і фіксаваць тое, што тут адбываецца.
РР: Для тых, хто не бачыў фільм, яго дарэчы можна заўсёды знайсці ў інтэрнэце «Маршрут перабудаваны» («Маршрут перестроен»). Там фактычна два таксісты, мужчына і жанчына, з Менску і з Баранавічаў, якія перавозяць людзей, гэта падзеі яшчэ перад выбарамі 2020 года, і размаўляюць на розныя тэмы, і як бы даюць нам зрэз меркаванняў грамадства пра сітуацыю ў краіне. І ў адным з інтэрв’ю, я дзесці прачытала, што вы хацелі б, каб недзе праз пяць гадоў зняць гэтых жа самых людзей. Гэтая думка на сённяшні дзень таксама застаецца?
Максім Швед: Ну так. Калі я браўся за фільм, я не думаў, што нешта цікавае з гэтымі выбарамі атрымаецца, я думаў, што, канешне, будуць нейкія пратэсты, фальсіфікацыі, але ўсё гэта хутка забудзецца, закончыцца, і мы спяшаліся як мага хутчэй гэты фільм змантаваць і выдаць, каб ён яшчэ быў актуальны. Але атрымоўваецца, што прайшло больш за паўтара года, а ён усё яшчэ актуальны. І вельмі цікава зараз паглядзець, якімі мы былі, як мы ўяўлялі гэтыя выбары і падзеі пасля іх, да таго, як яны яшчэ адбыліся. І, канешне, было б цікава паглядзець, што будзе з гэтымі героямі, і з таксістамі, і з пасажырамі, сярод якіх было нямала вядомых людзей – Кацярына Андрэева, Ганна Севярынец… Ну і цікава, змяніліся, ці не змяніліся іх меркаванні. Але, канешне, самыя цікавыя мне менавіта Міхайлаўна і Паша, галоўныя героі. На колькі ведаю, Павел плануе з’ехаць з Беларусі, а Міхайлаўна ўсё яшчэ працуе ў Баранавічах на таксі, і, наколькі ведаю, яна зараз машыну новую набыла. Яна працуе, працуе, гэта галоўны яе лейтматыў. Ну і вось зарабіла на новую машыну.
РР: Пазней вам таксама давялося працаваць падчас пратэстаў, таксама рабілі здымкі, ведаю, што былі адразу пасля выбараў затрыманыя, збітыя, пяць сутак арышту адбылі. Пасля гэтага яшчэ працягвалі рабіць здымкі?
Максім Швед: Так, менавіта для фільму «Маршрут перабудаваны» я даздымаў гэтыя падзеі, бо мы планавалі скончыць менавіта ў дзень выбараў, калі планавалі рабіць гэты фільм яшчэ ў траўні. Але, канешне, у жніўні ўжо было зразумела, што тут трэба і далей здымаць, бо днём выбараў усё не скончыцца. Дамаўляўся загадзя з аператарам, але ён сказаў, што больш не можа працаваць, бо ў яго іншая была праца. Тады я выйшаў сам на вуліцу, каб зафіксаваць, што адбываецца з адным з герояў. Але калі я ўбачыў на Пушкінскай натоўп людзей, гэтыя выбухі, то, канешне, забыўся пра сваю галоўную мэту, пра таксістаў, я проста сам трапіў у нейкае кіно. Ну і трапіў у аўтазак. Потым у Жодзіне. І выйшаў 15-га, як раз перад самым вялікім маршам. Падпісаў паперку, што больш нікуды не буду лезці. І для мяне насамрэч быў такі момант ісціны, ці сапраўды сідзець дома і не ісці, ці ісці, ці браць камеру з сабой. Зусім не разумеў, што будзе адбывацца. Але, канешне, калі пабачыў гэтую шматтысячную плыню людзей, то не пашкадаваў, і нават зняў такі маленькі фільм пра сваё гэтае ўражанне, пра тое, як здымаў фільм, як трапіў сам у кіно. І вось выйшаў, і зусім іншая краіна была. За гэтыя пяць дзён, якія я прасядзеў у Жодзіне, я нават уявіць сабе не мог, што будзе столькі людзей, столькі чаканняў, столькі надзеяў, і нават адчуванне нейкай перамогі. Як дакументалісту мне гэтыя часы вельмі цікавыя. І не ты шукаеш тэмы, а тэмы шукаюць цябе. Таму, канешне, я нешта рабіў – здымаў, фатаграфаваў. І да сёння спрабую нешта рабіць, не спыняюся.
Цалкам размова:
Дарэчы, наступны паказ беларускіх дакументальных фільмаў у межах фестывалю Bulbamovie пройдзе ў суботу, 19 лютага, у Гайнаўцы. Пачатак а 17-ай гадзіне ў мясцовым Доме культуры, а сярод гасцей – беларускі музыка Андрусь Такінданг. Праз тыдзень, 26 лютага, фільмы пакажуць у Гарадку.
Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя