“Маладая плынь” Белдзяржуніверсітэта
Кафедра гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта падрыхтавала і выдала першы выпуск навуковага і літаратурнага альманаха “Маладая плынь”. Альманах укладаў і рэдагаваў доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі.
Пад вокладкай альманаха сабраны навуковыя і творчыя працы выпускнікоў спецсемінараў філалагічнага факультэта розных гадоў. Гэты збор матэрыялаў дапаўняюць новыя тэксты цяперашніх студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. І атрымалася своеасаблівае сугалоссе і пераклічка творчай моладзі пачатку XXI стагоддзя. Альманах “Маладая плынь” запэўнівае, што праз гады не збяднеў філфак БДУ на таленты, бруіць маладая творчая плынь і не губляе сілы, імкне ў заўтрашні дзень навукі і літаратуры.
Па словах прафесара Алеся Бельскага, альманах “Маладая плынь” – гэта плён натхнення і працы маладых аўтараў, амбітны творчы праект. “Плынь – гэта рух, пошук, агульнасць памкненняў, сугучнасць думак, мар і сэрцаў. Хай маладая плынь не спыняецца, бяжыць, іскрыцца, зіхаціць яркімі колерамі, штогод шырэе і патрапляе ў агульнае рэчышча беларускай філалогіі, сілкуе сучасны літаратурны працэс, узбагачае нацыянальную літаратуру”, — адзначыў Алесь Бельскі ў прадмове да альманаха.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя